ТАЎТАМЕРЫ́Я (ад грэч. tauto тое самае + meros доля, частка),

з’ява раўнаважнага існавання 2 ці больш структурных ізамераў (таўтамераў), якія лёгка ператвараюцца адзін у адзін; асобны выпадак структурнай ізамерыі. Рэчывы, схільныя да Т., ва ўмовах усталяванай раўнавагі маюць адначасова малекулы ўсіх таўтамераў у пэўных суадносінах.

Працэс узаемаператварэння таўтамераў наз. таўтамерызацыяй. Таўтамеразацыя адбываецца пераважна за кошт міграцыі катыёнаў (катыёнатропная Т.), радзей — аніёнаў (аніёнатропная Т.). Найб. пашырана прататропная трыядная Т. — міграцыя пратона (H​+) паміж крайнімі атамамі трыяды (сістэма 3 атамаў, з якіх 2 атамы злучаны падвойнай сувяззю), што адбываецца адначасова з перамяшчэннем падвойнай сувязі. Да такога віду адносіцца, напр., кета-енольная Т., якая найб. вывучана для ацэтавоцатнага эфіру, у якім прыблізна 7% малекул енольнай формы (гл. Спірты). У асобных выпадках таўтамеры могуць быць вылучаны ў індывід. стане, аднак з цягам часу кожны з іх у выніку Т. зноў ператвараецца ў раўнаважную сумесь. Т. — адна з прычын дваістай рэакцыйнай здольнасці арган. злучэнняў. Звычайна існаванне таўтамераў у рэчыве выяўляюць спектральнымі метадамі. Выкарыстоўваюць у сінтэзе некаторых лек. сродкаў і фарбавальнікаў.

Я.​Г.​Міляшкевіч.

Кета-енольная таўтамерыя для ацэтавоцатнага эфіру: а — кетонная форма (этылавы эфір ацэтавоцатнай кіслаты), б — енольная форма (этылавы эфір β-аксікратонавай кіслаты).

т. 15, с. 461

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)