ТАЎЦІВІ́Л (?—1264),

адзін з літоўскіх князёў, князь полацкі. Пляменнік Міндоўга, верагодна, сын яго старэйшага брата Даўспрунка. Каля 1249 Міндоўг накіраваў Т. і яго брата Эдзівіла ў паход на Смаленскае княства, а сам захапіў іх вотчыны і арганізаваў няўдалую спробу іх забойства. Т. уцёк у Галіцка-Валынскае княства, а потым у Рыгу, дзе прыняў хрышчэнне ў каталіцтва. Паліт. праціўнікі Міндоўга — галіцка-валынскі кн. Даніла Раманавіч, Лівонскі ордэн, рыжскі арцыбіскуп і князь Жамойці Выкінт (дзядзька Т. па маці) — падтрымалі Т. як прэтэндэнта на пасад вял. князя ВКЛ і аказалі яму ўзбр. дапамогу. Аднак нанесці Міндоўгу ваеннае паражэнне не ўдалося. Пасля хрышчэння Міндоўга ў каталіцтва ў 1253 накіраваная супраць яго кааліцыя на чале з Т. распалася. Пэўны час Т. заставаўся ў Галіцка-Валынскім княстве і ў 1253 удзельнічаў у паходзе Данілы Галіцкага ў Чэхію. Пазней ён, верагодна, прымірыўся з Міндоўгам. Магчыма, ужо ў 1258 Т. быў полацкім князем і ўдзельнічаў у сумесным паходзе палачан і літоўцаў на Смаленскую зямлю і Таржок, але яго імя ў сувязі з гэтымі падзеямі не згадваецца. У час татарскага паходу на Літву зімой 1258—59 дзейнічаў разам з сынам Міндоўга Войшалкам супраць Данілы Раманавіча, саюзніка татар. У 1262 Т. згадваецца як князь полацкі. Верагодна, ён быў адным з арганізатараў забойства Міндоўга ў 1263. Неўзабаве паміж Т. і пераемнікам Міндоўга Транятам пачалася барацьба за ўладу, у выніку якой Т. быў забіты.

В.​Л.​Насевіч.

т. 15, с. 462

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)