ТАЎТАГРА́МА (ад грэч. tauto тое самае + ...грама),

верш, усе словы якога пачынаюцца з адной і той жа літары. Т. — своеасаблівая вершаваная забава, гульня. Значнае пашырэнне мела ў даўняй еўрап. паэзіі. У бел. вершатворчасці Т. не прыжылася. Часам сустракаецца ў гукапераймальных вершах для дзяцей (Р.​Барадулін, А.​Вольскі і інш.), вершаваных пародыях. Прыклад фалькл. дзіцячага верша-Т.:

Стары Сымон сказаў сынам:
— Сыны, скасіце сена.
Сена скасілі,
Савоську скармілі.

В.​П.​Рагойша.

т. 15, с. 461

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)