ТАЎСТУ́ХА, павуціннік ядомы (Cortinarius esculentus),

шапкавы базідыяльны грыб сям. павуціннікавых. Пашырана ў Еўропе, у т. л. на Беларусі. Трапляецца з вер. па кастр. у сухіх хваёвых лясах.

Пладовае цела — шапка на ножцы. Шапка дыяметрам 5—12 см, падушкападобна-пукатая, з загорнутым уніз краем, сухая, светла-бурая. Пласцінкі прырослыя. Мякаць мясістая, белая, шчыльная, з салодкім смакам і прыемным пахам. Ножка выш. 2—5 см, булавападобная, шчыльная, суцэльная, з рэшткамі павуціністага пакрывала. Споры эліпсоідныя, бародаўчатыя, жоўта-бурыя. Ядомая.

Таўстуха.

т. 15, с. 461

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)