ТАЎТА́ВІЧУС (Tautavičius) Адольфас (9.9.1925, в. Курэняй Цельшайскага пав., Літва),

літоўскі археолаг. Д-р гіст. н. (1997). Скончыў Вільнюскі ун-т (1950). З 1946 у Ін-це гісторыі АН Літвы (у 1962—87 заг. аддзела археалогіі), адначасова ў 1951—60 выкладаў у Вільнюскім ун-це. З 1988 заг. аддзела археалогіі Цэнтра даследавання «Замкі Літвы». Даследуе культуру насельніцтва Літвы жал. веку і сярэдніх вякоў, гісторыю Вільнюса, нумізматыку Літвы. Праводзіў раскопкі Ніжняга замка ў Вільнюсе, замкаў у Тракаі, Клайпедзе, Велюоне, грунтавых і курганных могільнікаў. Аўтар кн.: «Кафля Вільнюскіх замкаў (XVI—XVII стст.)» (1969), «Археалагічны атлас Літоўскай ССР. Т. 3. Курганы і грунтавыя могільнікі I—XIII ст.» (1977), «Сярэдні жалезны век Літвы (V—IX ст.)» (1996); сааўтар кніг «Нарыс археалогіі Літвы» (1961), «Гісторыя горада Вільнюса» (т. 1, 1968), «Замкі Літвы» (1971), «Гандлёвыя сувязі насельніцтва Літвы ў I—XIII ст.» (1972), «Гісторыя Літоўскай ССР» (1978), «Этнагенез літоўцаў» (1987), «Палац Вільнюскага Ніжняга замка» (т. 1—4, 1989—99). Складальнік кн. «Бібліяграфія археалогіі Літвы» (2000), дзе ўлічаны публікацыі 1782—1999.

В.​С.​Пазднякоў.

т. 15, с. 461

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)