Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова ∙ Скарачэнні ∙ Кніга ў PDF/DjVu

ТАЎКА́ЧЫК,

род шапкавых грыбоў, тое, што паплавок.

т. 15, с. 458

ТАЎКА́ЧЫКІ, таўкачы,

танцоркі (Empididae),

сямейства насякомых падатр. прамашыўных караткавусых атр. двухкрылых. Больш за 2,8 тыс. відаў. Пашыраны ўсюды, асабліва ў лясной зоне па берагах вадаёмаў; жывуць на раслінах. На Беларусі найб. трапляюцца Т.: вялікі (Empis tesselata) і лінднеры (E. lindneri).

Даўж. да 15 мм. Цела цёмнае, слабаапушанае. Галава невял., круглая з іголкападобным хабатком. Крылы празрыстыя. Ногі доўгія, тонкія. Пераважна драпежнікі, дадатковы корм — нектар кветак. У перыяд размнажэння ў некат. відаў адбываецца раенне, шлюбныя «танцы», насякомыя збіраюцца ў вял. масы — «таўкуць мак» (адсюль назва). Агрэсіўныя самкі пасля капуляцыі нярэдка з’ядаюць самцоў. Развіццё з поўным ператварэннем. Лічынкі жывуць у глебе, лясным подсціле, у некат. відаў — на дне вадаёмаў.

С.​Л.​Максімава.

Таўкачык вялікі.

т. 15, с. 458

«ТАЎКА́ЧЫКІ»,

старадаўні бел. нар. танец-гульня. Імітуе працэс абівання і таўчэння зерня ў ступе. Муз. памер ​2/4. Тэмп жвавы. Вядомы ў 2 харэагр. варыянтах: як гульня-карагод і ілюстравана-выяўленчы гульнявы танец. «Т.» — гульня-карагод выконваецца парамі ці групамі ўдзельнікаў, якія пад песню ці прыпеўку рухаюцца ў квадратах з лучынак, раскладзеных накрыж на падлозе, і стараюцца не зачапіць іх, што вымагае вял. майстэрства. Танц. варыянт мае тую ж сэнсавую нагрузку, але можа выконвацца сола ці парамі ў суправаджэнні песні, прыпевак або пад акампанемент дудкі са скрыпкай. На Беларусі найб. пашыраны ў Віцебскай, Гродзенскай, Брэсцкай абл. У 1913 «Т.» выкарыстаны ў спектаклі па п’есе Я.​Купалы «Прымакі», у 1920-я г. ў спектаклі БДТ па п’есе «Машэка» Е.​Міровіча (паст. К.​Алексютовіча), у аднайм. тэлеспектаклі бел. тэлебачання (1984). Падобны танец вядомы ў некат. народаў балт. рэгіёна.

В.​М.​Яшчанка.

т. 15, с. 459

ТАЎЛА́Й Валянцін Паўлавіч (8.2.1914, г. Баранавічы Брэсцкай вобл. — 27.4.1947),

бел. паэт, дзеяч рэв.-вызв. руху ў Зах. Беларусі. Маленства правёў на радзіме бацькоў, у в. Рудаўка Слонімскага р-на. Вучыўся ў Слонімскай настаўніцкай семінарыі (у 1925 выключаны за нежаданне адмовіцца ад бел. нацыянальнасці), у 1927—29 у Віленскай бел. гімназіі (выключаны як адзін з арганізатараў вучнёўскай забастоўкі). За падпольную камсамольскую дзейнасць арыштаваны і зняволены ў слонімскую турму, потым у гродзенскі астрог (1929—30). У 1930—32 працаваў у газ. «Звязда» і вучыўся ў БДУ. У снеж. 1932 адкліканы на падп. працу ў Зах. Беларусь — чл. цэнтр. рэдакцыі КПЗБ у Варшаве, адзін з фактычных рэдактараў «Беларускай газеты» і яе дадатку час. «Літаратурная старонка» — легальных неафіц. органаў КПЗБ у Вільні. Прадстаўнік ЦК КПЗБ у Цэнтры нац.-вызв. руху Зах. Беларусі. Адзін з арганізатараў Літ. фронту сялянска-рабочых пісьменнікаў. Пры спробе перайсці граніцу ў Сав. Беларусь у 1934 арыштаваны, засуджаны на 8 гадоў зняволення ў гродзенскі астрог. Пасля вызвалення Зах. Беларусі працаваў у лідскай раённай газ. «Уперад» (1939—41). У Вял. Айч. вайну сувязны партыз. атрада імя Катоўскага брыгады імя Дзяржынскага Баранавіцкай вобл., разведчык спецгрупы «Буравеснік» (1942—44). У 1944—45 адказны сакратар навагрудскай раённай газ. «Звязда», у 1945—47 ст. навук. супрацоўнік і нам. дырэктара Літ. музея Я.​Купалы. Друкаваўся з 1928. Меў псеўданімы Бунтарны, Янка Дванаццаты, Паўлюк Сірата, В.​Тарскі і інш. Як паэт-рэвалюцыянер фарміраваўся ў камуніст. падполлі (паэма «Непераможная», выд. на шапірографе, 1928). У першым пасмяротным зб. «Выбранае» (1947) палымяныя паэтычныя цыклы астрожных вершаў («Лукішскія вершы», «Таварышу маёй вясны», «Бацьку») і паэм («Таварыш», «Песня пра сухар»). Раскрыў мужнае аблічча рэвалюцыянера 1930-х г., характэрныя рысы якога — глыбокае лірычнае перажыванне і ўнутр. гатоўнасць высокага ахвяравання, асэнсаванне сутнасці пройдзеных змагарных шляхоў і барацьбы як усечалавечай праблемы разняволення свету, абнаўлення жыцця. Над паглыбленнем зместу вершаў і паэм працаваў усё творчае жыццё, даводзячы іх да гранічнай маст. дасканаласці. Эстэт. набытак Т. ўзнімаецца на ўзровень рэв. паэзіі свету. Аўтар публіцыст. нарысаў пра рэв.-вызв. і антыфаш. барацьбу, літ.-крытычных артыкулаў пра творчасць Я.​Купалы, П.​Пестрака, Я.​Брыля. Пераклаў на бел. мову асобныя творы А.​Міцкевіча, І.​Крылова.

Тв.:

Вершы і паэмы. Мн., 1955;

Выбр. творы. Мн., 1958;

Творы. Мн., 1961;

[Выбр. вершы і паэмы]. Мн., 1967;

Пілую вершам краты. Мн., 1984.

Літ.:

Арочка М. Валянцін Таўлай. Мн., 1969;

Калеснік У. Аповесць пра Таўлая // Полымя. 1964. № 10;

1965. № 8—9;

Валянцін Таўлай: Дак., успаміны. артыкулы. Мн., 1984.

М.​М.​Арочка.

т. 15, с. 459

ТАЎЛА́Й Галіна Валянцінаўна (н. 22.9.1946, Мінск),

бел. этнамузыколаг. Дачка В.П.Таўлая. Канд. мастацтвазнаўства (1983). Скончыла Бел. кансерваторыю (1970). У 1965—73 выкладала ў муз. школах Мінска. З 1985 у Ін-це мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору Бел. АН. З 1996 у Рас. ін-це гісторыі мастацтваў. Даследуе праблемы функцыянавання, стылістыкі, этнагр. кантэксту, муз. тыпалогіі, мелагеаграфіі бел. песеннага фальклору. Аўтар манаграфіі «Беларускае купалле. Абрад, песні» (1986), муз. раздзелаў у тамах серыі «Беларуская народная творчасць»: «Сямейна-бытавыя песні» (1984), «Купальскія і пятроўскія песні» (1985), «Сацыяльна-бытавыя песні» (1987), «Радзіны: Абрад, песні» (1998).

Т.​Б.​Варфаламеева.

т. 15, с. 459

ТАЎНС (Townes) Чарлз Хард (н. 28.7.1915, г. Грынвіл, штат Паўд. Караліна, ЗША),

амерыканскі фізік, адзін з заснавальнікаў квантавай электронікі. Чл. Нац. АН ЗША (1956), Амер. акадэміі мастацтваў і навук (1957), Лонданскага каралеўскага т-ва (1976). Замежны чл. Рас. АН (1994). Скончыў Каліфарнійскі тэхнал. ін-т (1939). З 1939 у фірме «Бел тэлефон лаборатарыс», з 1948 у Калумбійскім ун-це (з 1950 праф.). З 1959 у Ін-це абаронных даследаванняў (віцэ-прэзідэнт, г. Вашынгтон). З 1961 у Масачусецкім тэхнал. ін-це, з 1967 у Каліфарнійскім ун-це (г. Берклі). Навук. працы па мікрахвалевай спектраскапіі, квантавай электроніцы, радыё- і інфрачырвонай астраноміі, радыёлакацыі, астрафізіцы. Распрацаваў прынцыпы ўзмацнення і генерацыі эл.-магн. выпрамянення ў квантавых сістэмах (1951; незалежна ад М.Г.Басава і А.М.Прохарава), стварыў першы мазер (1953). Прапанаваў прынцып работы лазера (1958; разам з А.Л.Шаўлавым). Выкарыстаў мазеры для высокадакладнага пацвярджэння спец. тэорыі адноснасці (1958—63). Разам з інш. прадказаў эфект самафакусіроўкі светлавога пучка (1964; незалежна ад Г.​А.​Аскар’яна). Выявіў малекулы вады ў міжзорнай прасторы і паказаў, што іх радыёвыпрамяненне абумоўлена мазерным механізмам (касм. мазер; 1969). Нобелеўская прэмія 1964 (разам з Басавым, Прохаравым). Залаты медаль імя Бора 1979. Вял. залаты медаль імя Ламаносава Рас. АН 2000.

Тв.:

Рус. пер. — Радиоспектроскопия. М., 1959 (разам з А.​Шаўлавым);

Слияние науки и религии // Диалоги. М., 1979;

Что происходит в центре нашей Галактики? (разам з Р.​Гензелам) // В мире науки. 1990. № 6.

М.​М.​Касцюковіч.

т. 15, с. 459

ТАЎПЕ́КА Аляксандр Рыгоравіч (1914, в. Доктаравічы Капыльскага р-на Мінскай вобл. — 21.6.1944),

Герой Сав. Саюза (1944). У Вял. Айч. вайну з 1941 на Ленінградскім фронце. Камандзір мінамётнага разліку старшына Т. вызначыўся 14.6.1944 у час прарыву абароны ворага на Карэльскім перашыйку і пры вызваленні г. Выбарг. Загінуў у баі.

В.П.Таўлай.
Ч.Х.Таўнс.

т. 15, с. 459

ТАЎР, Торас (Toros’lar),

горы на Пд Турцыі. Цягнуцца ўздоўж узбярэжжа Міжземнага м. прыблізна на 1000 км. Выш. да 3726 м (г. Дэмірказык). Утвараюць паўд. ўскраіны Малаазіяцкага і часткова Армянскага нагор’яў. Складзены пераважна з вапнякоў і крышт. сланцаў. У цэнтр. ч. альпійскі рэльеф, на З — карставыя ландшафты. На паўн. схілах да 400 мм ападкаў за год; пустыні і стэпы, на паўд. да 3000 мм; міжземнаморскія лясы, хмызнякі, лугі. Нац. паркі. Т. праразаюць Кілікійскія Вароты.

А.Р.Таўпека.

т. 15, с. 460

ТАЎРАМЕ́НІЙ (Taormina),

старажытнагрэчаскі горад на ўсх. узбярэжжы Сіцыліі (цяпер г. Таарміна, Італія). Засн. ў 396 да н.э. сікуламі, элінізаваны бежанцамі з в-ва Наксас у 358 да н.э. У 1-ю Пунічную вайну Т. адзін з першых на Сіцыліі прызнаў рым. ўладу, за што атрымаў права саюзнай абшчыны. У час 1-га Сіцылійскага паўстання рабоў (гл. Сіцылійскія паўстанні рабоў) важны апорны пункт паўстанцаў. Рабы дадаткова ўмацавалі Т., і рым. войскі здолелі захапіць горад толькі пры дапамозе здрады. У 34 да н.э. ў Т. засн. рым. калонія.

А.​Г.​Зельскі.

т. 15, с. 460

ТАЎРО́ (цюрк.),

кляймо, якое выпальваюць на скуры ці рагах жывёл (гл. Мечанне жывёл), таксама назва прылады для нанясення такога кляйма.

т. 15, с. 460