ТАЎНС (Townes) Чарлз Хард (н. 28.7.1915, г. Грынвіл, штат Паўд. Караліна, ЗША),
амерыканскі фізік, адзін з заснавальнікаў квантавай электронікі. Чл. Нац. АН ЗША (1956), Амер. акадэміі мастацтваў і навук (1957), Лонданскага каралеўскага т-ва (1976). Замежны чл. Рас. АН (1994). Скончыў Каліфарнійскі тэхнал. ін-т (1939). З 1939 у фірме «Бел тэлефон лаборатарыс», з 1948 у Калумбійскім ун-це (з 1950 праф.). З 1959 у Ін-це абаронных даследаванняў (віцэ-прэзідэнт, г. Вашынгтон). З 1961 у Масачусецкім тэхнал. ін-це, з 1967 у Каліфарнійскім ун-це (г. Берклі). Навук. працы па мікрахвалевай спектраскапіі, квантавай электроніцы, радыё- і інфрачырвонай астраноміі, радыёлакацыі, астрафізіцы. Распрацаваў прынцыпы ўзмацнення і генерацыі эл.-магн. выпрамянення ў квантавых сістэмах (1951; незалежна ад М.Г.Басава і А.М.Прохарава), стварыў першы мазер (1953). Прапанаваў прынцып работы лазера (1958; разам з А.Л.Шаўлавым). Выкарыстаў мазеры для высокадакладнага пацвярджэння спец. тэорыі адноснасці (1958—63). Разам з інш. прадказаў эфект самафакусіроўкі светлавога пучка (1964; незалежна ад Г.А.Аскар’яна). Выявіў малекулы вады ў міжзорнай прасторы і паказаў, што іх радыёвыпрамяненне абумоўлена мазерным механізмам (касм. мазер; 1969). Нобелеўская прэмія 1964 (разам з Басавым, Прохаравым). Залаты медаль імя Бора 1979. Вял. залаты медаль імя Ламаносава Рас. АН 2000.
Тв.:
Рус. пер. — Радиоспектроскопия. М., 1959 (разам з А.Шаўлавым);
Слияние науки и религии // Диалоги. М., 1979;
Что происходит в центре нашей Галактики? (разам з Р.Гензелам) // В мире науки. 1990. № 6.
М.М.Касцюковіч.
т. 15, с. 459
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)