«ТАЎКА́ЧЫКІ»,

старадаўні бел. нар. танец-гульня. Імітуе працэс абівання і таўчэння зерня ў ступе. Муз. памер ​2/4. Тэмп жвавы. Вядомы ў 2 харэагр. варыянтах: як гульня-карагод і ілюстравана-выяўленчы гульнявы танец. «Т.» — гульня-карагод выконваецца парамі ці групамі ўдзельнікаў, якія пад песню ці прыпеўку рухаюцца ў квадратах з лучынак, раскладзеных накрыж на падлозе, і стараюцца не зачапіць іх, што вымагае вял. майстэрства. Танц. варыянт мае тую ж сэнсавую нагрузку, але можа выконвацца сола ці парамі ў суправаджэнні песні, прыпевак або пад акампанемент дудкі са скрыпкай. На Беларусі найб. пашыраны ў Віцебскай, Гродзенскай, Брэсцкай абл. У 1913 «Т.» выкарыстаны ў спектаклі па п’есе Я.​Купалы «Прымакі», у 1920-я г. ў спектаклі БДТ па п’есе «Машэка» Е.​Міровіча (паст. К.​Алексютовіча), у аднайм. тэлеспектаклі бел. тэлебачання (1984). Падобны танец вядомы ў некат. народаў балт. рэгіёна.

В.​М.​Яшчанка.

т. 15, с. 459

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)