ТАЎЛА́Й Валянцін Паўлавіч (8.2.1914, г. Баранавічы Брэсцкай вобл. — 27.4.1947),
бел. паэт, дзеяч рэв.-вызв. руху ў Зах. Беларусі. Маленства правёў на радзіме бацькоў, у в. Рудаўка Слонімскага р-на. Вучыўся ў Слонімскай настаўніцкай семінарыі (у 1925 выключаны за нежаданне адмовіцца ад бел. нацыянальнасці), у 1927—29 у Віленскай бел. гімназіі (выключаны як адзін з арганізатараў вучнёўскай забастоўкі). За падпольную камсамольскую дзейнасць арыштаваны і зняволены ў слонімскую турму, потым у гродзенскі астрог (1929—30). У 1930—32 працаваў у газ. «Звязда» і вучыўся ў БДУ. У снеж. 1932 адкліканы на падп. працу ў Зах. Беларусь — чл. цэнтр. рэдакцыі КПЗБ у Варшаве, адзін з фактычных рэдактараў «Беларускай газеты» і яе дадатку час. «Літаратурная старонка» — легальных неафіц. органаў КПЗБ у Вільні. Прадстаўнік ЦК КПЗБ у Цэнтры нац.-вызв. руху Зах. Беларусі. Адзін з арганізатараў Літ. фронту сялянска-рабочых пісьменнікаў. Пры спробе перайсці граніцу ў Сав. Беларусь у 1934 арыштаваны, засуджаны на 8 гадоў зняволення ў гродзенскі астрог. Пасля вызвалення Зах. Беларусі працаваў у лідскай раённай газ. «Уперад» (1939—41). У Вял. Айч. вайну сувязны партыз. атрада імя Катоўскага брыгады імя Дзяржынскага Баранавіцкай вобл., разведчык спецгрупы «Буравеснік» (1942—44). У 1944—45 адказны сакратар навагрудскай раённай газ. «Звязда», у 1945—47 ст. навук. супрацоўнік і нам. дырэктара Літ. музея Я.Купалы. Друкаваўся з 1928. Меў псеўданімы Бунтарны, Янка Дванаццаты, Паўлюк Сірата, В.Тарскі і інш. Як паэт-рэвалюцыянер фарміраваўся ў камуніст. падполлі (паэма «Непераможная», выд. на шапірографе, 1928). У першым пасмяротным зб. «Выбранае» (1947) палымяныя паэтычныя цыклы астрожных вершаў («Лукішскія вершы», «Таварышу маёй вясны», «Бацьку») і паэм («Таварыш», «Песня пра сухар»). Раскрыў мужнае аблічча рэвалюцыянера 1930-х г., характэрныя рысы якога — глыбокае лірычнае перажыванне і ўнутр. гатоўнасць высокага ахвяравання, асэнсаванне сутнасці пройдзеных змагарных шляхоў і барацьбы як усечалавечай праблемы разняволення свету, абнаўлення жыцця. Над паглыбленнем зместу вершаў і паэм працаваў усё творчае жыццё, даводзячы іх да гранічнай маст. дасканаласці. Эстэт. набытак Т. ўзнімаецца на ўзровень рэв. паэзіі свету. Аўтар публіцыст. нарысаў пра рэв.-вызв. і антыфаш. барацьбу, літ.-крытычных артыкулаў пра творчасць Я.Купалы, П.Пестрака, Я.Брыля. Пераклаў на бел. мову асобныя творы А.Міцкевіча, І.Крылова.
Тв.:
Вершы і паэмы. Мн., 1955;
Выбр. творы. Мн., 1958;
Творы. Мн., 1961;
[Выбр. вершы і паэмы]. Мн., 1967;
Пілую вершам краты. Мн., 1984.
Літ.:
Арочка М. Валянцін Таўлай. Мн., 1969;
Калеснік У. Аповесць пра Таўлая // Полымя. 1964. № 10;
1965. № 8—9;
Валянцін Таўлай: Дак., успаміны. артыкулы. Мн., 1984.
М.М.Арочка.
т. 15, с. 459
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)