ТАЎРАМЕ́НІЙ (Taormina),
старажытнагрэчаскі горад на ўсх. узбярэжжы Сіцыліі (цяпер г. Таарміна, Італія). Засн. ў 396 да н.э. сікуламі, элінізаваны бежанцамі з в-ва Наксас у 358 да н.э. У 1-ю Пунічную вайну Т. адзін з першых на Сіцыліі прызнаў рым. ўладу, за што атрымаў права саюзнай абшчыны. У час 1-га Сіцылійскага паўстання рабоў (гл. Сіцылійскія паўстанні рабоў) важны апорны пункт паўстанцаў. Рабы дадаткова ўмацавалі Т., і рым. войскі здолелі захапіць горад толькі пры дапамозе здрады. У 34 да н.э. ў Т. засн. рым. калонія.
А.Г.Зельскі.
т. 15, с. 460
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)