ТАЎКА́ЧЫКІ, таўкачы,

танцоркі (Empididae),

сямейства насякомых падатр. прамашыўных караткавусых атр. двухкрылых. Больш за 2,8 тыс. відаў. Пашыраны ўсюды, асабліва ў лясной зоне па берагах вадаёмаў; жывуць на раслінах. На Беларусі найб. трапляюцца Т.: вялікі (Empis tesselata) і лінднеры (E. lindneri).

Даўж. да 15 мм. Цела цёмнае, слабаапушанае. Галава невял., круглая з іголкападобным хабатком. Крылы празрыстыя. Ногі доўгія, тонкія. Пераважна драпежнікі, дадатковы корм — нектар кветак. У перыяд размнажэння ў некат. відаў адбываецца раенне, шлюбныя «танцы», насякомыя збіраюцца ў вял. масы — «таўкуць мак» (адсюль назва). Агрэсіўныя самкі пасля капуляцыі нярэдка з’ядаюць самцоў. Развіццё з поўным ператварэннем. Лічынкі жывуць у глебе, лясным подсціле, у некат. відаў — на дне вадаёмаў.

С.​Л.​Максімава.

Таўкачык вялікі.

т. 15, с. 458

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)