Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова ∙ Скарачэнні ∙ Кніга ў PDF/DjVu

«ТА́ТРА»

(Tatra),

сям’я аўтамабіляў аднайм. чэшскага прадпрыемства. Легкавыя аўтамабілі выпускаюцца з 1897. Маюць размешчаны ззаду бензінавы рухавік магутнасцю да 148 кВт (найб. скорасць да 230 км/гадз). Поўнапрывадныя грузавыя аўтамабілі выпускаюцца з 1900. Маюць трубчастую раму, незалежную падвеску колаў, разлічаны на эксплуатацыю ва ўмовах бездарожжа. Дызельны рухавік з турбанаддувам магутнасцю да 252 кВт, поўная маса аўтамабіля да 36 т (аўтапоезда да 44 т).

Сям’я аўтамабіляў «Татра»: 1 — легкавы аўтамабіль мадэль 613; 2 — грузавік 200 V 51.19 225.

т. 15, с. 456

ТАТРА́НСКІ НАЦЫЯНА́ЛЬНЫ ПАРК,

ахоўны ўчастак тэр. Карпат (Высокія Татры) у Славакіі (пл. 50 тыс. га, засн. ў 1954) і Польшчы (пл. 22 тыс. га, засн. ў 1948). Ахова пераважна хвойных лясоў і жывёл (мядзведзь, серна, казуля, сурок, рысь). На тэр. парку створаны запаведнікі, гадавальнікі дзікіх жывёл, паляўнічыя рэзервацыі. Асобныя ўчасткі выкарыстоўваюцца як зімовыя і летнія курорты.

т. 15, с. 456

ТА́ТРЫ (Tatry),

горны масіў у Польшчы і Славакіі, самы высокі ў Карпатах. Даўж. 65 км, выш. да 2655 м (г. Герлахаўскі-Шціт, найвышэйшы пункт Карпат). Далінамі рэк Ваг і Горнад падзелены на Высокія і Нізкія Татры. Высокія Татры складзены з гранітаў, гнейсаў, маюць зубчаты грэбень, альпійскія формы рэльефу (трогі, цыркі, каравыя азёры). У Нізкіх Татрах трапляюцца таксама вапнякі з карставымі формамі рэльефу. Т. моцна ўвільготнены атл. цыклонамі на працягу года (800—1200 мм за год). Снегавое покрыва 6—8 месяцаў. Вясной і восенню характэрны вятры фены. У раслінным покрыве — дубова-букавыя лясы да выш. 700 м, букава-піхтавыя лясы да выш. 1200 м, субальпійскае хваёвае крывалессе з зараснікамі рададэндрану і чарнічніку да 1800 м, вышэй альпійскія лугі і камяністыя россыпы. Татранскі нацыянальны парк. Цэнтры зімовага спорту (Закапанэ і інш.). Курорты. Турызм.

М.​В.​Лаўрыновіч.

т. 15, с. 457

ТАТУІРО́ЎКА (франц. tatouer татуіраваць, з палінез.),

нанясенне на цела чалавека ўзораў і малюнкаў шляхам наколвання на скуры драўлянай, касцяной ці метал. іголкай і ўвядзення пад яе фарбы, якая не змываецца. У першабытных народаў Т. была знакам роду, племя, татэма (у цемнаскурых замянялася рубцаваннем). Звычай татуіравання ў час ініцыяцый меў сімвалічны і магічны (засцерагальны) характар; у Еўропу завезены маракамі з Паўн.-Усх. Азіі. Т. захавалася як упрыгожанне, памятны знак, пашырылася ў 21 ст. як т. зв. нацельны жывапіс. Т. наз. таксама ўзоры і малюнкі, нанесеныя на скуру.

т. 15, с. 457

ТА́ТУР Генрык Хрыстафоравіч (1846, Мінск — 1907),

бел. археолаг, гісторык, краязнавец, калекцыянер. Чл. Мінскага статыстычнага к-та, павятовы маршалак дваранства. З 1874 вёў археал. раскопкі ў Мінскай губ., склаў яе археал. карту з апісаннем помнікаў. У 1884—85 заснаваў часовы археал. музей у г. Беразіно, дзе ў наваколлі вёў раскопкі. У 1890 ён раскапаў 120 курганоў каля в. Дулебы і Няюнішчы Ігуменскага пав., у 1892—40 курганоў каля в. Станькава, у 1893—40 курганоў каля в. Прылукі Мінскага пав. У выніку паездак па Міншчыне падрыхтаваў вял. альбом археал. помнікаў (1893). Стварыў у Мінску багаты прыватны музей па гісторыі матэрыяльнай культуры Беларусі і унікальную б-ку. Пасля смерці яго зборы былі прададзены, многія вывезены за мяжу. Аўтар прац «Археалагічнае значэнне Мінскай губерні» (1878), «Нарыс археалагічных помнікаў на прасторы Мінскай губерні і яе археалагічнае значэнне» (1892), якія выдадзены ў Мінску. У рукапісах засталіся «Гістарычны нарыс мястэчка Турава, ранейшай сталіцы ўдзельнага Тураўскага княства», «Гісторыя Станькава», «Гісторыя. Заслаўя».

Літ.:

Алексеев Л.В. Археология и краеведение Беларуси, XVI в. — 30-е гг. ХХ в. Мн., 1996.

Г.​А.​Каханоўскі.

т. 15, с. 457

ТА́ТУР Мікола (Мікалай Ігнатавіч; 3.3.1919, урочышча Застар’е Клічаўскага р-на Магілёўскай вобл. — 24.3.2001),

бел. перакладчык. Скончыў Мінскі настаўніцкі ін-т нацменшасцей (1937). Настаўнічаў, з 1944 працаваў у Дзярж. выд-ве БССР, з 1963 у выд-ве «Полымя», Бел. аддз. літ. фонду СССР, у 1970—79 у Бюро прапаганды маст. л-ры Саюза пісьменнікаў Беларусі. Друкаваўся з 1948. Пераклаў на бел. мову многія творы рус., укр., польскіх і інш. пісьменнікаў: аповесці А.​Гайдара «Школа» (1948), А.​Мусатава «Стажары» (1950), раманы В.​Ажаева «Далёка ад Масквы» (1951; з У.​Шахаўцом), М.​Нікіціна «Паўночная Аўрора» (1953; з В.​Зубам), У.​Кочатава «Журбіны» (1955), К.​Брандыса «Грамадзяне» (1958; з Я.​Міско), А.​Венцлавы «Дзень нараджэння» (1961; з С.​Дзяргаем), Г.​Лупан «Трэція пеўні» (1971), Э.​Бээкман «Чародка белых варон» (1973), А.​Ірасека «Скалакі» (1974; з Я.​Васілёнкам), У.​Умарбекава «Зялёная зорка» (1976), апавяданні А.​Вішні, Л.​Первамайскага, С.​Лема, Я.​Гушчы, Я.​Івашкевіча, М.​Твэна і інш.; для тэатраў — творы Назыма Хікмета, Б.​Васільева, Л.​Зорына, А.​Ліндгрэн, Г.​Запольскай і інш. Пісаў літ.-крыт. артыкулы, эпіграмы.

І.​У.​Саламевіч.

т. 15, с. 457

ТАТЫШВІ́ЛІ Цысана Бежанаўна (н. 30.12.1937, Тбілісі),

грузінская спявачка (сапрана). Нар. арт. СССР (1979). Скончыла Тбіліскую кансерваторыю (1963). З 1963 у Груз. т-ры оперы і балета. Сярод партый: Этэры («Абесалом і Этэры» З.​Паліяшвілі), Ліза («Пікавая дама» П.​Чайкоўскага), Аіда, Эбалі, Дэздэмона («Аіда», «Дон Карлас», «Атэла» Дж.​Вердзі), Тоска («Тоска» Дж.​Пучыні), Артруда («Лаэнгрын» Р.​Вагнера), Саламея («Саламея» Р.​Штрауса). Выступае таксама ў канцэртах. Дзярж. прэміі Грузіі 1979, 1987.

т. 15, с. 457

ТАТЭ́М (англ. totem ад індз. ататэм — яго род),

1) жывёла, расліна, прадмет ці з’ява прыроды, якія служаць аб’ектам шанавання пэўнай родавай групы. Кожны род меў свой Т. і насіў яго назву (гл. Татэмізм).

2) Герб з выявай жывёлы, расліны, прадмета ці з’явы прыроды, якія з’яўляюцца аб’ектам шанавання.

т. 15, с. 457

ТАТЭМІ́ЗМ,

комплекс вераванняў і абрадаў у абшчынна-родавым грамадстве, звязаны з уяўленнем пра роднасць паміж групай людзей (родам, фратрыяй) і татэмам. Сярод татэмаў пераважалі жывёлы, што абумоўлена пераважаннем паляўніцтва ў абшчынна-родавым грамадстве. Татэмаў паважалі, часам абагаўлялі, не прычынялі ім шкоды (іх нельга было забіваць, есці іх мяса дазвалялася толькі ў час татэмных свят), імкнуліся іх аберагаць, спрыяць павелічэнню іх колькасці. Кожная татэмная група насіла імя свайго татэма, а яе члены мелі спец. татэмічныя эмблемы (камень, дошчачка); існавала забарона на заключэнне шлюбаў унутры татэмных груп. Дзеля «задобрывання» татэма-жывёлы і павелічэння яго колькасці людзі выконвалі спец. магічныя абрады, песні-заклінанні, татэмічныя танцы, у якіх звычайна імітаваліся паводзіны татэмаў.

Класічны Т. зафіксаваны ў Аўстраліі. Існуе некалькі канцэпцый узнікнення Т.: боязь жывёл (найперш драпежных); адчуванне сваёй натуральнай еднасці з жывёламі і раслінамі; вера ў існаванне свяшчэнных (сакральных) прыродных сіл і з’яў. У некат. народаў Амерыкі, Азіі, Афрыкі, Акіяніі рэшткі Т. захаваліся да нашага часу. Яны выяўляюцца ў разнастайных формах: выявах татэмічных істот на сценах дамоў і на дэталях адзення; звычаях урачыстага пахавання памерлых татэмаў; выкарыстанні ў якасці абярэгаў асобных частак цела татэмных жывёл (зубы, скура, галава, пер’е, косці); клятва на частках цела татэмных жывёл; звычай пераапранання ў скуру жывёл у час свят, рытуальныя татэмічныя танцы; легенды, паданні, казкі пра паходжанне роду ад пэўнага татэма.

У беларусаў захаваліся нар. легенды і паданні, прыкметы і павер’і, у якіх адзначаюцца рэшткі стараж. Т. У асобных бел. фальклорных творах распавядаецца, што людзі часам ператвараліся ў мядзведзяў, буслоў, ваўкоў. Праявамі Т. з’яўляюцца наступныя вызначэнні асобных жывёл: мядзведзя наз. «продкам», «апекуном», бусла — «братам» і г.д. У бел. фальклоры найчасцей сустракаюцца звесткі пра мядзведзя, які быў найб. паважанай жывёлінай. Ён лічыўся адным з самых магутных звяроў у лесе (таму яго баяліся і імкнуліся задобрыць), а таксама шмат у чым нагадваў самога чалавека (напр., мог хадзіць на задніх лапах, любіў есці мёд, гарохавую кашу, кісель). На Беларусі працяглы час захоўвалася свята татэмнага паходжання камаедзіца. У бел. фальклоры сустракаюцца павер’і, паводле якіх, напр., калі мядзведзь пройдзе каля «зачараванай» хаты, то можа адвесці няшчасці, і інш. Карані Т. і ў звычаі пераапранання ў скуру мядзведзя ў час нар. свят (напр., Каляд).

Літ.:

Богданович А.Е. Пережитки древнего миросозерцания у белорусов. Мн., 1995 [рэпр. выд.: Гродно, 1895];

Арсеньев В.Р. Звери—боги—люди. М., 1991;

Ненадавец А.М. Святло таямнічага вогнішча. Мн., 1993;

Волошина Т.А., Астапов С.Н. Языческая мифология славян. Ростов н/Д, 1996;

Соколова З.П. Животные в религиях. СПб., 1998.

Э.​С.​Дубянецкі.

т. 15, с. 457

ТАТЭ́ЎСКІ МАНАСТЫ́Р,

помнік сярэдневяковага дойлідства ў с. Татэў (Арменія). Засн. ў 9 ст. як мужчынскі. Рэзідэнцыя Сюнікскага мітрапаліта. Размешчаны над глыбокай цяснінай. Арх. комплекс уключае цэрквы Грыгорыя (836—848), Пагоса і Петраса (895—906), надбрамную Аствацацын (11 ст.), культавы манумент — слуп, які гойдаецца (904), крапасныя сцены, жылыя і гасп. пабудовы 17—18 ст. На тэр. Т.м. размяшчаецца культ. цэнтр з ун-там, скрыпторыем, б-кай.

т. 15, с. 457