ТА́ТУР Мікола (Мікалай Ігнатавіч; 3.3.1919, урочышча Застар’е Клічаўскага р-на Магілёўскай вобл. — 24.3.2001),

бел. перакладчык. Скончыў Мінскі настаўніцкі ін-т нацменшасцей (1937). Настаўнічаў, з 1944 працаваў у Дзярж. выд-ве БССР, з 1963 у выд-ве «Полымя», Бел. аддз. літ. фонду СССР, у 1970—79 у Бюро прапаганды маст. л-ры Саюза пісьменнікаў Беларусі. Друкаваўся з 1948. Пераклаў на бел. мову многія творы рус., укр., польскіх і інш. пісьменнікаў: аповесці А.​Гайдара «Школа» (1948), А.​Мусатава «Стажары» (1950), раманы В.​Ажаева «Далёка ад Масквы» (1951; з У.​Шахаўцом), М.​Нікіціна «Паўночная Аўрора» (1953; з В.​Зубам), У.​Кочатава «Журбіны» (1955), К.​Брандыса «Грамадзяне» (1958; з Я.​Міско), А.​Венцлавы «Дзень нараджэння» (1961; з С.​Дзяргаем), Г.​Лупан «Трэція пеўні» (1971), Э.​Бээкман «Чародка белых варон» (1973), А.​Ірасека «Скалакі» (1974; з Я.​Васілёнкам), У.​Умарбекава «Зялёная зорка» (1976), апавяданні А.​Вішні, Л.​Первамайскага, С.​Лема, Я.​Гушчы, Я.​Івашкевіча, М.​Твэна і інш.; для тэатраў — творы Назыма Хікмета, Б.​Васільева, Л.​Зорына, А.​Ліндгрэн, Г.​Запольскай і інш. Пісаў літ.-крыт. артыкулы, эпіграмы.

І.​У.​Саламевіч.

т. 15, с. 457

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)