ТА́ТУР Генрык Хрыстафоравіч (1846, Мінск — 1907),
бел. археолаг, гісторык, краязнавец, калекцыянер. Чл. Мінскага статыстычнага к-та, павятовы маршалак дваранства. З 1874 вёў археал. раскопкі ў Мінскай губ., склаў яе археал. карту з апісаннем помнікаў. У 1884—85 заснаваў часовы археал. музей у г. Беразіно, дзе ў наваколлі вёў раскопкі. У 1890 ён раскапаў 120 курганоў каля в. Дулебы і Няюнішчы Ігуменскага пав., у 1892—40 курганоў каля в. Станькава, у 1893—40 курганоў каля в. Прылукі Мінскага пав. У выніку паездак па Міншчыне падрыхтаваў вял. альбом археал. помнікаў (1893). Стварыў у Мінску багаты прыватны музей па гісторыі матэрыяльнай культуры Беларусі і унікальную б-ку. Пасля смерці яго зборы былі прададзены, многія вывезены за мяжу. Аўтар прац «Археалагічнае значэнне Мінскай губерні» (1878), «Нарыс археалагічных помнікаў на прасторы Мінскай губерні і яе археалагічнае значэнне» (1892), якія выдадзены ў Мінску. У рукапісах засталіся «Гістарычны нарыс мястэчка Турава, ранейшай сталіцы ўдзельнага Тураўскага княства», «Гісторыя Станькава», «Гісторыя. Заслаўя».
Літ.:
Алексеев Л.В. Археология и краеведение Беларуси, XVI в. — 30-е гг. ХХ в. Мн., 1996.
Г.А.Каханоўскі.
т. 15, с. 457
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)