ТА́ТРЫ (Tatry),

горны масіў у Польшчы і Славакіі, самы высокі ў Карпатах. Даўж. 65 км, выш. да 2655 м (г. Герлахаўскі-Шціт, найвышэйшы пункт Карпат). Далінамі рэк Ваг і Горнад падзелены на Высокія і Нізкія Татры. Высокія Татры складзены з гранітаў, гнейсаў, маюць зубчаты грэбень, альпійскія формы рэльефу (трогі, цыркі, каравыя азёры). У Нізкіх Татрах трапляюцца таксама вапнякі з карставымі формамі рэльефу. Т. моцна ўвільготнены атл. цыклонамі на працягу года (800—1200 мм за год). Снегавое покрыва 6—8 месяцаў. Вясной і восенню характэрны вятры фены. У раслінным покрыве — дубова-букавыя лясы да выш. 700 м, букава-піхтавыя лясы да выш. 1200 м, субальпійскае хваёвае крывалессе з зараснікамі рададэндрану і чарнічніку да 1800 м, вышэй альпійскія лугі і камяністыя россыпы. Татранскі нацыянальны парк. Цэнтры зімовага спорту (Закапанэ і інш.). Курорты. Турызм.

М.​В.​Лаўрыновіч.

т. 15, с. 457

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)