ТАТЭМІ́ЗМ,

комплекс вераванняў і абрадаў у абшчынна-родавым грамадстве, звязаны з уяўленнем пра роднасць паміж групай людзей (родам, фратрыяй) і татэмам. Сярод татэмаў пераважалі жывёлы, што абумоўлена пераважаннем паляўніцтва ў абшчынна-родавым грамадстве. Татэмаў паважалі, часам абагаўлялі, не прычынялі ім шкоды (іх нельга было забіваць, есці іх мяса дазвалялася толькі ў час татэмных свят), імкнуліся іх аберагаць, спрыяць павелічэнню іх колькасці. Кожная татэмная група насіла імя свайго татэма, а яе члены мелі спец. татэмічныя эмблемы (камень, дошчачка); існавала забарона на заключэнне шлюбаў унутры татэмных груп. Дзеля «задобрывання» татэма-жывёлы і павелічэння яго колькасці людзі выконвалі спец. магічныя абрады, песні-заклінанні, татэмічныя танцы, у якіх звычайна імітаваліся паводзіны татэмаў.

Класічны Т. зафіксаваны ў Аўстраліі. Існуе некалькі канцэпцый узнікнення Т.: боязь жывёл (найперш драпежных); адчуванне сваёй натуральнай еднасці з жывёламі і раслінамі; вера ў існаванне свяшчэнных (сакральных) прыродных сіл і з’яў. У некат. народаў Амерыкі, Азіі, Афрыкі, Акіяніі рэшткі Т. захаваліся да нашага часу. Яны выяўляюцца ў разнастайных формах: выявах татэмічных істот на сценах дамоў і на дэталях адзення; звычаях урачыстага пахавання памерлых татэмаў; выкарыстанні ў якасці абярэгаў асобных частак цела татэмных жывёл (зубы, скура, галава, пер’е, косці); клятва на частках цела татэмных жывёл; звычай пераапранання ў скуру жывёл у час свят, рытуальныя татэмічныя танцы; легенды, паданні, казкі пра паходжанне роду ад пэўнага татэма.

У беларусаў захаваліся нар. легенды і паданні, прыкметы і павер’і, у якіх адзначаюцца рэшткі стараж. Т. У асобных бел. фальклорных творах распавядаецца, што людзі часам ператвараліся ў мядзведзяў, буслоў, ваўкоў. Праявамі Т. з’яўляюцца наступныя вызначэнні асобных жывёл: мядзведзя наз. «продкам», «апекуном», бусла — «братам» і г.д. У бел. фальклоры найчасцей сустракаюцца звесткі пра мядзведзя, які быў найб. паважанай жывёлінай. Ён лічыўся адным з самых магутных звяроў у лесе (таму яго баяліся і імкнуліся задобрыць), а таксама шмат у чым нагадваў самога чалавека (напр., мог хадзіць на задніх лапах, любіў есці мёд, гарохавую кашу, кісель). На Беларусі працяглы час захоўвалася свята татэмнага паходжання камаедзіца. У бел. фальклоры сустракаюцца павер’і, паводле якіх, напр., калі мядзведзь пройдзе каля «зачараванай» хаты, то можа адвесці няшчасці, і інш. Карані Т. і ў звычаі пераапранання ў скуру мядзведзя ў час нар. свят (напр., Каляд).

Літ.:

Богданович А.Е. Пережитки древнего миросозерцания у белорусов. Мн., 1995 [рэпр. выд.: Гродно, 1895];

Арсеньев В.Р. Звери—боги—люди. М., 1991;

Ненадавец А.М. Святло таямнічага вогнішча. Мн., 1993;

Волошина Т.А., Астапов С.Н. Языческая мифология славян. Ростов н/Д, 1996;

Соколова З.П. Животные в религиях. СПб., 1998.

Э.​С.​Дубянецкі.

т. 15, с. 457

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)