Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова ∙ Скарачэнні ∙ Кніга ў PDF/DjVu

ТАПІНАМБУ́Р, земляная груша, сланечнік клубняносны (Helianthus tuberosus),

кветкавая расліна сям. складанакветных. Радзіма — Паўн. Амерыка. У Еўропе з 17 ст. На Беларусі вырошчваецца як кармавая расліна, часам дзічэе.

Шматгадовая травяністая расліна. Сцёблы прамыя, моцныя, аблісцелыя, апушаныя, выш. да 3 м. Лісце зубчастае, яйцападобнае, чаранковае, апушанае. Жоўтыя суквецці — кошыкі дыяметрам 6—10 см. Плод — сямянка Клубні (белыя, жоўтыя. фіялетавыя. чырв.) груша- або яйцападобныя. на кароткіх сталонах, скучаныя каля асновы сцябла. Маюць у сабе інулін, аскарбінавую к-ту. вітаміны групы B. карацін. мінер. рэчывы. Спажываюцца ў ежу. выкарыстоўваюцца для атрымання спірту, фруктозы. Харч., тэхн., кармавая. лек. расліна.

В.​М.​Прохараў.

Тапінамбур.

т. 15, с. 430

ТАПІНО́МЫ (Tapinoma),

род насякомых сям. мурашак атр. перапончатакрылых. Пашыраны ўсюды, акрамя палярных абласцей. Жывуць у розных ландшафтах, трапляюцца ў жыллі чалавека. Мурашнікі размяшчаюцца ў глебе, пад камянямі на прагравальных месцах: узгорках, палянах і інш. Найб. шматлікія віды Т.: пахучая, або мурашка блукаючая (T. erraticum), чорнагаловая (T. melanocephalum), сесіле (T. sessile) і інш. На Беларусі 2 віды; Т. няясная, або мурашка цёмная (T. ambiguum), — у Чырв. кнізе.

Даўж. Т. няяснай: самкі да 6 мм, самца да 5 мм, рабочай асобіны — да 3,5 мм. Сям’я складаецца з 20—30 самак і прыкладна 1,5 тыс. рабочых асобін. Афарбоўка чорная, цёмна-бурая. 1-ы сегмент брушка без лускавінкі (сістэмат. адзнака). Усёедныя.

С.​Л.​Максімава.

Тапінома няясная: 1 — самка; 2 — рабочая асобіна.

т. 15, с. 431

ТАПІ́РЫ, тапіравыя (Tapiridae),

сямейства млекакормячых атр. няпарнакапытных. 5 вымерлых і 1 сучасны род, 4 віды: Т. горны (Tapirus pinchaque), Т. цэнтральнаамерыканскі (T. bairdi), чапрачны, або індыйскі (T. indicus), — занесеныя ў Чырв. кнігу МСАП, і Т. раўнінны (T. terrestris). Пашыраны ў Цэнтр. і Паўд. Амерыцы і Паўд.-Усх. Азіі. Жывуць у забалочаных лясах, хмызняковых зарасніках.

Даўж. да 2 м, выш. ў карку да 1.2 м; маса да 300 кг. Тулава масіўнае. Морда заканчваецца невял. хабатком. Вочы маленькія. Ногі кароткія, тоўстыя, на пярэдніх па 4, на задніх па 3 пальцы. Скура тоўстая, з кароткімі цёмна-бурымі валасамі. Расліннаедныя. Нараджаюць 1, зрэдку 2 дзіцянят у сярэднім раз за 15 мес. Лёгка прыручаюцца.

Э.​Р.​Самусенка.

Тапіры: 1 — цэнтральнаамерыканскі (асобна — падэшва пярэдняй нагі); 2 — чапрачны.

т. 15, с. 431

ТАПО́ЛЬСКАЯ (Topolska, сапр. Пяховяк, Piechowiak) Марыя Барбара (н. 21.5.1938, в. Кажмінак Велікапольскага ваяв., Польшча), польскі гісторык. Д-р габілітаваны (1984). Скончыла ун-т імя А.​Міцкевіча ў Познані (1960). У 1973—76 ад’юнкт у Вышэйшай пед. школе пры ун-це ў Познані. З 1978 у Аддзяленні па вывучэнні замежнай Палоніі ў Познані (з 1992 Аддзяленне па вывучэнні нацыянальнасцей Польскай АН). З 1997 надзвычайны прафесар Ін-та гісторыі Вышэйшай пед. школы ў Зялёна-Гуры. Вывучае гісторыю культуры літ. і бел. зямель 15—20 ст., гісторыю Вял. Польшчы, праблемы этнічнай гісторыі, культуру польск. эміграцыі. Аўтар кн. «Шклоўскі маёнтак ва ўсходняй Беларусі ў XVII i XVIII ст.» (1969), «Чытач і кніга ў Вялікім княстве Літоўскім у эпоху Рэнесансу і барока» (1984) і інш.

т. 15, с. 431

ТАПО́ЛЯ (Populus),

род кветкавых раслін сям. вярбовых. Каля 110 відаў. Пашыраны ў Паўн. паўшар’і. Растуць у прырэчных і горных лясах, утвараюць невял. гаі. На Беларусі 3 віды Т.: белая, або серабрыстая (P. alba), дрыжачая, або асіна, і чорная, або ясакар (H. nigra). У культуру ўведзена каля 30 відаў, форм і гібрыдаў. Найб. вядомыя Т.: бальзамічная (P. balsamifera), духмяная (P. suaveolens), дэльтападобная (P. deltoides), канадская (P. canadensis), пірамідальная (P. pyramidalis) і інш.

Лістападныя, двухдомныя, ветраапыляльныя дрэвы выш. 30—45 (60) м. Жывуць да 150 гадоў. Крона шатра-, яйцападобная ці пірамідальная. Лісце чаргаванае, чаранковае, суцэльнае, залозіста-зубчастае або лопасцевае. Цвітуць пераважна да распускання лісця. Кветкі ў павіслых цыліндрычных каташках даўж. 3—15 см. Плод — каробачка. Драўніна лёгкая, белая, мяккая, выкарыстоўваецца ў папяровай, фанернай, мэблевай, запалкавай вытв-сцях, кара — для вырабу і афарбоўкі скур у жоўты колер. Дэкар., тэхн., лек. расліны.

І.​М.​Гарановіч.

Таполя чорная.

т. 15, с. 431

ТАПТУ́ХА,

традыцыйная рыбалоўная прылада славян; рухомая пастка. Лакальныя бел. назвы таптун, кош, баўтуха, сетка. На Беларусі бытавалі некалькі відаў: з прутоў (відаць, найб. старажытная), сеткавая на драўляным каркасе, сеткавая на абручах. Плеценая з прутоў Т. ўяўляла сабой кош у форме паўконуса, часта мела палку-ручку ці вяроўку, што мацавалася ў 2 месцах да абруча. Сеткавая на драўляным каркасе формаю падобна да плеценай. Каркас складаўся з уваходнага паўкруглага абруча і прымацаваных да яго прутоў, канцы якіх сыходзіліся. Сеткавая на абручах Т. найб. дасканалая па канструкцыі і больш зручная ў эксплуатацыі. Яе каркас складалі толькі абручы: першы ў форме паўкруга, наступныя 4—6 — круглыя (пры набліжэнні да глухога канца сеткавага мяшка іх памеры памяншаліся). Пастаянная форма снасці захоўвалася з дапамогай дугападобнай ручкі, адзін канец якой прымацоўвалі да ўваходнага абруча, другі — да глухога канца сеткавага мяшка. Рыбачылі Т. у зарослых месцах вадаёмаў: прытаплялі да дна і, боўтаючы нагамі ці шастом, заганялі рыбу ў пастку. Плеценая і сеткавая на абручах Т. характэрна для Палесся. У некат. мясцовасцях называлі сак. У наш час лоўля Т. забаронена.

І.​М.​Браім.

Таптухі.

т. 15, с. 432

ТА́ПТЫ,

рака ў Індыі. Даўж. 720 км, пл. бас. 88 тыс. км². Вытокі ў гарах Сатпура, цячэ ў глыбокай даліне па паўн.-зах. ч. Дэканскага пласкагор’я, упадае ў Камбейскі зал. Аравійскага м., утварае эстуарый. Рэжым мусонны. Сярэдні расход вады каля 650 м³/с. Выкарыстоўваецца для арашэння. Суднаходная на 50 км ад вусця. На Т. — г. Бурханпур, у эстуарыі — марскі порт Сурат.

т. 15, с. 432

ТАПУРЫ́ДЗЕ Валянцін Багратавіч (13.1.1908, Тбілісі — 1980),

грузінскі скульптар. Нар. мастак Грузіі (1958). Правадз. чл. АМ СССР (1970). Скончыў Тбіліскую АМ (1931). Аўтар манум., эпічных па вобразным ладзе твораў: фігура «Перамога» і статуя А.​Цэрэтэлі на франтоне т-ра ў Чыятуры (1945—50), помнікі У.​Леніну ў Тбілісі (1956), Калінінградзе (1958), Руставі (1961) і інш. Працаваў таксама ў жанры партрэта («Акцёр Э.​Буш», 1966, і інш.). Дзярж. прэмія СССР 1958.

В.Тапурыдзе. Перамога. Фігура на будынку Грузінскага драматычнага тэатра імя А.​Цэрэтэлі ў г. Чыятуры. 1950.

т. 15, с. 432

ТАПЧЭ́ЎСКІ Фелікс Феліксавіч [літ. псеўд. Хвэлька з Рукшэніц; каля 1838, б. фальварак Будзішча (Лёсава) Ушацкага р-на Віцебскай вобл. — 29.12.1892], бел. паэт-дэмакрат. Скончыў Лепельскае дваранскае вучылішча. Працаваў у канцылярыі Віцебскага земскага суда. У 1864 арыштаваны за сувязь з паўстанцамі 1863—64, з-за недаказанасці выпушчаны. Працаваў упраўляючым у маёнтку Ухвішча (Полацкі р-н). Яго гумарыст. творы распаўсюджваліся ў рукапісах. Вершы «Саўсім не тое, што было», «Грошы і праца», «Ён і яна», «Вечарынка», «Панскае ігрышча» (прыпісваўся і А.​Турыновічу) зберагліся ў рукапіснай «Беларускай хрэстаматыі» Б.​І.​Эпімах-Шыпілы. Дэмакратызм Т. выяўляўся праз тыпова сялянскае светабачанне лірычнага героя яго вершаў — назіральнага, дасціпнага, які высока цэніць чалавека працы, асуджае бурж. адносіны ў грамадстве, высмейвае шляхецкую культуру, але застаецца ў палоне патрыярхальных уяўленняў.

Тв.:

У кн.: Беларуская літаратура XIX ст.: Хрэстаматыя. Мн., 1988.

Літ.:

Лойка А.А. Гісторыя беларускай літаратуры. Дакастрычніцкі перыяд. Ч. 1. 2 выд. Мн., 1989;

Каханоўскі Г. Адчыніся, таямніца часу. Мн., 1984. С. 86—91 Пачынальнікі. Мн., 1977. С. 378—380.

У.​І.​Мархель.

т. 15, с. 432