ТАПТУ́ХА,

традыцыйная рыбалоўная прылада славян; рухомая пастка. Лакальныя бел. назвы таптун, кош, баўтуха, сетка. На Беларусі бытавалі некалькі відаў: з прутоў (відаць, найб. старажытная), сеткавая на драўляным каркасе, сеткавая на абручах. Плеценая з прутоў Т. ўяўляла сабой кош у форме паўконуса, часта мела палку-ручку ці вяроўку, што мацавалася ў 2 месцах да абруча. Сеткавая на драўляным каркасе формаю падобна да плеценай. Каркас складаўся з уваходнага паўкруглага абруча і прымацаваных да яго прутоў, канцы якіх сыходзіліся. Сеткавая на абручах Т. найб. дасканалая па канструкцыі і больш зручная ў эксплуатацыі. Яе каркас складалі толькі абручы: першы ў форме паўкруга, наступныя 4—6 — круглыя (пры набліжэнні да глухога канца сеткавага мяшка іх памеры памяншаліся). Пастаянная форма снасці захоўвалася з дапамогай дугападобнай ручкі, адзін канец якой прымацоўвалі да ўваходнага абруча, другі — да глухога канца сеткавага мяшка. Рыбачылі Т. у зарослых месцах вадаёмаў: прытаплялі да дна і, боўтаючы нагамі ці шастом, заганялі рыбу ў пастку. Плеценая і сеткавая на абручах Т. характэрна для Палесся. У некат. мясцовасцях называлі сак. У наш час лоўля Т. забаронена.

І.​М.​Браім.

Таптухі.

т. 15, с. 432

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)