ТАПЧЭ́ЎСКІ Фелікс Феліксавіч [літ. псеўд. Хвэлька з Рукшэніц; каля 1838, б. фальварак Будзішча (Лёсава) Ушацкага р-на Віцебскай вобл. — 29.12.1892], бел. паэт-дэмакрат. Скончыў Лепельскае дваранскае вучылішча. Працаваў у канцылярыі Віцебскага земскага суда. У 1864 арыштаваны за сувязь з паўстанцамі 1863—64, з-за недаказанасці выпушчаны. Працаваў упраўляючым у маёнтку Ухвішча (Полацкі р-н). Яго гумарыст. творы распаўсюджваліся ў рукапісах. Вершы «Саўсім не тое, што было», «Грошы і праца», «Ён і яна», «Вечарынка», «Панскае ігрышча» (прыпісваўся і А.Турыновічу) зберагліся ў рукапіснай «Беларускай хрэстаматыі» Б.І.Эпімах-Шыпілы. Дэмакратызм Т. выяўляўся праз тыпова сялянскае светабачанне лірычнага героя яго вершаў — назіральнага, дасціпнага, які высока цэніць чалавека працы, асуджае бурж. адносіны ў грамадстве, высмейвае шляхецкую культуру, але застаецца ў палоне патрыярхальных уяўленняў.
Тв.:
У кн.: Беларуская літаратура XIX ст.: Хрэстаматыя. Мн., 1988.
Літ.:
Лойка А.А. Гісторыя беларускай літаратуры. Дакастрычніцкі перыяд. Ч. 1. 2 выд. Мн., 1989;
Каханоўскі Г. Адчыніся, таямніца часу. Мн., 1984. С. 86—91 Пачынальнікі. Мн., 1977. С. 378—380.
У.І.Мархель.
т. 15, с. 432
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)