ТАПО́ЛЯ (Populus),

род кветкавых раслін сям. вярбовых. Каля 110 відаў. Пашыраны ў Паўн. паўшар’і. Растуць у прырэчных і горных лясах, утвараюць невял. гаі. На Беларусі 3 віды Т.: белая, або серабрыстая (P. alba), дрыжачая, або асіна, і чорная, або ясакар (H. nigra). У культуру ўведзена каля 30 відаў, форм і гібрыдаў. Найб. вядомыя Т.: бальзамічная (P. balsamifera), духмяная (P. suaveolens), дэльтападобная (P. deltoides), канадская (P. canadensis), пірамідальная (P. pyramidalis) і інш.

Лістападныя, двухдомныя, ветраапыляльныя дрэвы выш. 30—45 (60) м. Жывуць да 150 гадоў. Крона шатра-, яйцападобная ці пірамідальная. Лісце чаргаванае, чаранковае, суцэльнае, залозіста-зубчастае або лопасцевае. Цвітуць пераважна да распускання лісця. Кветкі ў павіслых цыліндрычных каташках даўж. 3—15 см. Плод — каробачка. Драўніна лёгкая, белая, мяккая, выкарыстоўваецца ў папяровай, фанернай, мэблевай, запалкавай вытв-сцях, кара — для вырабу і афарбоўкі скур у жоўты колер. Дэкар., тэхн., лек. расліны.

І.​М.​Гарановіч.

Таполя чорная.

т. 15, с. 431

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)