ТАПІНО́МЫ (Tapinoma),

род насякомых сям. мурашак атр. перапончатакрылых. Пашыраны ўсюды, акрамя палярных абласцей. Жывуць у розных ландшафтах, трапляюцца ў жыллі чалавека. Мурашнікі размяшчаюцца ў глебе, пад камянямі на прагравальных месцах: узгорках, палянах і інш. Найб. шматлікія віды Т.: пахучая, або мурашка блукаючая (T. erraticum), чорнагаловая (T. melanocephalum), сесіле (T. sessile) і інш. На Беларусі 2 віды; Т. няясная, або мурашка цёмная (T. ambiguum), — у Чырв. кнізе.

Даўж. Т. няяснай: самкі да 6 мм, самца да 5 мм, рабочай асобіны — да 3,5 мм. Сям’я складаецца з 20—30 самак і прыкладна 1,5 тыс. рабочых асобін. Афарбоўка чорная, цёмна-бурая. 1-ы сегмент брушка без лускавінкі (сістэмат. адзнака). Усёедныя.

С.​Л.​Максімава.

Тапінома няясная: 1 — самка; 2 — рабочая асобіна.

т. 15, с. 431

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)