Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)

Прадмова ∙ Скарачэнні

пу́начка, -і, ДМ -чцы, мн. -і, -чак, ж.

Невялікая паўночная птушка сямейства аўсянкавых.

пункт, -а, М -кце, мн. -ы, -аў, м.

1. Месца, якое характарызуецца пэўнымі адзнакамі і можа быць выкарыстана для неабходных дзеянняў.

Камандны п.

Зборны п.

Прызыўны п.

Перагаворны п.

Самы высокі п. гары.

2. Асобнае палажэнне, раздзел у складзе чаго-н. (дакумента, выкладання і пад.).

Асноўныя пункты даклада.

Выкласці па пунктах (таксама перан.: паслядоўна).

3. Асобны момант, перыяд у развіцці падзей, дзеяння.

Кульмінацыйны п.

4. Асноўнае паняцце геаметрыі, а таксама механікі, фізікі — месца, якое не мае вымярэння, мяжа адрэзка лініі.

П. перасячэння прамых.

П. апоры.

П. прылажэння сіл.

П. сонцастаяння.

5. Тэмпературная мяжа, пры якой рэчыва змяняе свой стан.

П. замярзання.

П. плаўлення.

○

Населены пункт — горад, пасёлак, вёска і пад., дзе пастаянна жывуць людзі.

◊

Пункт погляду (або гледжання) на што — чыя-н. думка, погляд на што-н.

У мяне на гэта свой пункт погляду.

|| памянш. пу́нкцік, -а, мн. -і, -аў, м. (да 2 знач.).

пунктуа́льны, -ая, -ае.

Вельмі дакладны, акуратны ў выкананні чаго-н.

П. чалавек.

Пунктуальнае выкананне.

|| наз. пунктуа́льнасць, -і, ж.

пунктуа́цыя, -і, ж.

Вучэнне аб сістэме знакаў прыпынку і правілах іх выкарыстання ў пісьмовым тэксце.

Засвоіць пунктуацыю.

|| прым. пунктуацы́йны, -ая, -ае.

пункці́р, -у, мн. -ы, -аў, м.

Лінія, якая ўтвараецца з кропак, кароткіх рысак.

|| прым. пункці́рны, -ая, -ае.

Пункцірнае акрэсленне сітуацыі (перан.: у агульных рысах).

пу́нкцыя, -і, ж. (спец.).

Пракол (тканкі, поласці, сасуда) з лячэбнымі або дыягнастычнымі мэтамі.

|| прым. пункцы́йны, -ая, -ае.

пунсаве́ць, -е́ю, -е́еш, -е́е; незак.

1. Рабіцца пунсовым, чырвоным.

П. ад радасці.

2. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Вылучацца сваім колерам.

Пунсавеюць суніцы на паляне.

пунсова-...

Першая састаўная частка складаных слоў са знач. з пунсовым адценнем, напр.: пунсова-ружовы, пунсова-чырвоны.

пунсо́вы, -ая, -ае.

Ярка-чырвоны.

П. мак.

Пунсовыя шчокі.

|| наз. пунсо́васць, -і, ж.

пунш, -у, мн. -ы, -аў, м.

Напітак з рому, закіпячонага з цукрам, вадой і фруктамі.

|| прым. пу́ншавы, -ая, -ае.