пуа́нты, -аў, адз. пуа́нт, -а, М -нце, м.
Балетныя туфлі з цвёрдым наском.
Стаяць на пуантах, танцаваць на пуантах (абапіраючыся на наскі такіх туфель).
пу́бліка, -і, ж., зб.
1. Людзі, якія знаходзяцца дзе-н. у якасці гледачоў, слухачоў, наведвальнікаў і пад., а таксама ўвогуле людзі, грамадства.
Тэатральная п.
Чытацкая п.
На публіку (гаварыць, рабіць і пад.: напаказ; разм., неадабр.).
2. Група або разрад людзей, аб’яднаных па якіх-н. агульных прыметах (разм., жарт. або неадабр.).
Няварта вадзіцца з такой публікай.
публікава́ць, -ку́ю, -ку́еш, -ку́е; -ку́й; -кава́ны; незак., што.
Аб’яўляць для агульнага ведама праз друк.
П. матэрыялы кангрэса.
|| зак. апублікава́ць, -ку́ю, -ку́еш, -ку́е; -ку́й; -кава́ны; наз. апублікава́нне, -я, н.
|| наз. публіка́цыя, -і, ж. і публікава́нне, -я, н.
публіка́цыя, -і, ж.
1. гл. публікаваць.
2. мн. -і, -цый. Тое, што апублікавана, надрукавана.
Газетная п.
публіцы́ст, -а, М -сце, мн. -ы, -аў, м.
Пісьменнік, які займаецца публіцыстычнай дзейнасцю.
|| ж. публіцы́стка, -і, ДМ -тцы, мн. -і, -так.
|| прым. публіцы́сцкі, -ая, -ае.
публіцы́стыка, -і, ДМ -тыцы, ж.
Літаратура па грамадска-палітычных пытаннях сучаснасці.
|| прым. публіцысты́чны, -ая, -ае.
публі́чны, -ая, -ае.
1. Які ажыццяўляецца ў прысутнасці публікі, адкрыты.
Публічнае выступленне.
Публічна (прысл.) заявіць.
2. Прызначаны для шырокага наведвання, агляду і пад.
Публічная бібліятэка.
Публічная выстаўка.
○
Публічны дом — памяшканне, дзе прастытуткі прымаюць наведвальнікаў.
пу́га, -і, ДМ пу́зе, мн. -і, пуг, ж.
Прымацаваны да палкі кавалак спецыяльна звітай вяровачкі або сырамяці, якім паганяюць жывёлу.
Раменная п.
◊
Як пугаю па вадзе (разм.) — без пэўнага выніку, без знаку.
|| памянш. пу́жка, -і, ДМ -жцы, мн. -і, -жак, ж.
Слаўную пужку звіў.
пугаўё, -я́, мн. -го́ўі і (з ліч. 2, 3, 4) -гаўі́ -го́ўяў, н.
Дзяржанне, да якога прымацоўваецца пуга.
пуга́ч, -а́, мн. -ы́, -о́ў, м.
Дзіцячая цацка ў выглядзе пісталета.