Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (пад рэд. І. Л. Капылова, 2022, актуальны правапіс)

ПрадмоваСкарачэнні

пра, прыназ. з В.

Ужыв. пры абазначэнні прадмета размовы, думкі або пачуцця.

Пагаварыць пра адпачынак.

Колькі раз я ўспамінаў пра цябе.

пра..., прыстаўка.

I. Утварае дзеясловы са знач.:

1) дзеяння, накіраванага праз што-н., напр.: прабіць, прагрызці, працячы;

2) дзеяння, якое распаўсюджваецца з усёй паўнатой на ўвесь прадмет, напр.: праварыць, прагрэць, прасаліць;

3) руху ў прасторы міма чаго-н., напр.: прабегчы, праехаць;

4) поўнай закончанасці, вычарпанасці дзеяння, напр.: праспяваць, пранумараваць, прайсціся;

5) дзеяння, якое ажыццяўляецца ў адзін прыём (пераважна пра гучанне), напр.: прапішчаць, прамяўкаць, прабарабаніць;

6) дзеяння, якое развіваецца ва ўсім аб’ёме на працягу якога-н. прамежку часу, напр.: праседзець (увесь дзень), прахварэць, прамучыцца (які-н. час), праблукаць;

7) дзеяння, у выніку якога нанесена шкода, страта, напр.: празяваць, прагуляць, прагандлявацца.

II. Утварае:

1) назоўнікі і прыметнікі са знач. першапачатковы, найбольш старажытны, напр.: прарадзіма, праславянскі;

2) прыметнікі, якія абазначаюць высокую, найвышэйшую ступень якасці, напр.: прамудры, праславуты.

III. Утварае назоўнікі і прыметнікі са знач. прыхільнік каго-, чаго-н., які дзейнічае ў чыіх-н. інтарэсах, напр.: праімперыялістычны, прафашыст.

прааналізава́ць гл. аналізаваць.

праанатава́ць гл. анатаваць.

праанкетава́ць гл. анкетаваць.

праара́ць, -ару́, -арэ́ш, -арэ́; -аро́м, -араце́, -ару́ць; -ары́; -ара́ны; зак., што.

1. Узворваючы, прагнаць баразну, узараць прастору паміж чым-н.

П. разору.

2. і без дап. Правесці які-н. час на ворыве.

П. да абеду.

|| незак. право́рваць, -аю, -аеш, -ае (да 1 знач.).

|| наз. право́рванне, -я, н. (да 1 знач.).

праарфава́ць гл. арфаваць.

праба́бка, -і, ДМ -бцы, мн. -і, -бак, ж.

Маці дзеда або бабкі.

прабава́ць, -бу́ю, -бу́еш, -бу́е; -бу́й; -бава́ны і про́баваць, -бую, -буеш, -буе; -буй; -баваны; незак.

1. каго-што. Правяраць стан або якасць.

П. свае сілы.

2. што. Есці для пробы, на смак чаго-н.

П. страву.

3. з інф. Рабіць спробу чаго-н.

П. пісаць вершы.

|| зак. папрабава́ць, -бу́ю, -бу́еш, -бу́е; -бу́й; -бава́ны і папро́баваць, -бую, -буеш, -буе; -буй; -баваны.

прабада́ць¹, 1 і 2 ас. не ўжыв., -а́е; зак., каго-што.

Пракалоць рагамі.