Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

паралелі́зм

(гр. parallelismos = параўнанне)

1) знаходжанне на аднолькавай адлегласці адна ад другой ліній і плоскасцей на ўсім іх працягу;

2) нязменныя суадносіны і адначасовасць дзвюх з’яў або дзеянняў (напр. п. у песні, п. у рабоце);

3) тое, што і парафілія;

4) стылістычная фігура, аднародная сінтаксічна-кампазіцыйная пабудова аднатыпных элементаў паэтыкі (з’яў, вобразаў, матываў і г.д.), якія супастаўляюцца паміж сабой і размяшчаюцца паралельна ў двух ці трох сумежных сказах, радках, строфах.

паралело́эдры

(ад гр. parallelos = паралельны + -эдр)

мнагаграннікі, паралельным перанясеннем якіх можна запоўніць усю прастору так, каб яны не ўваходзілі адзін у адзін і не пакідалі пустых месц (напр. куб, правільная шасцівугольная прызма).

парале́ль

(гр. parallelos = які праходзіць побач)

1) мат. кожная з прамых ліній, якая знаходзіцца на ўсім працягу на аднолькавай адлегласці ад дадзенай;

2) геагр. умоўная лінія, праведзеная паралельна экватару па зямной паверхні;

3) перан. з’ява, якая можа параўноўвацца з іншай падобнай з’явай (напр. гістарычныя паралелі).

парале́льны

(гр. parallelos)

1) мат. які знаходзіцца на ўсім працягу на аднолькавай адлегласці ад якой-н. лініі;

2) які размяшчаецца ў адным напрамку прыблізна на роўнай адлегласці ад чаго-н.;

3) які дубліруе, паўтарае што-н.; аднолькавы, падобны.

паралеўко́брыум

(н.-лац. paraleucobryum)

брыевы мох сям. дыкранавых, які пашыраны ва ўмераным поясе Паўн. паўшар’я; расце на валунах, радзей на пнях у лясах.

паралізава́ць

(фр. paralyser, ад гр. paralysis = расслабленне)

1) прывесці ў стан паралічу (напр. п. ногі);

2) перан. пазбавіць здольнасці або магчымасці дзейнічаць (напр. п. сілы ворага).

паралінгві́стыка

(ад пара- + лінгвістыка)

раздзел мовазнаўства, які вывучае гукавыя сродкі, што суправаджаюць маўленне (ступень гучнасці, размеркаванне паўз і інш.).

паралітарату́ра

(ад пара- + літаратура)

сукупнасць псеўдатвораў (коміксаў, кароткіх пераказаў вядомых твораў), якія навадняюць кніжныя рынкі многіх краін.

паралі́тык

(гр. paralytikos)

хворы на параліч, разбіты паралічам.

пара́ліч

(рус. паралич, ад гр. paralysis = расслабленне)

1) хвароба, якая пазбаўляе той або іншы орган цела здольнасці рухацца, дзейнічаць (параўн. парэз);

2) перан. стан бяздзейнасці, страта здольнасці выконваць свае функцыі (напр. п. чыгункі).