парме́лія
(н.-лац. parmelia)
ліставаты сумчаты лішайнік сям. пармеліевых, які расце на ствалах і галінках дрэў, камянях, драўніне, зрэдку на глебе.
парнагра́фія
(ад гр. pornos = распуснік + -графія)
непрыстойнасць, цынічнасць у паказе чаго-н., звязанага з палавымі адносінамі; літаратура, жывапіс, кіно, фатаграфія, у якіх смакуюцца сцэны распусты, палавой і маральнай разбэшчанасці.
парна́с
(гр. Parnassos = гара ў Грэцыі, на якой, паводле міфалагічных уяўленняў, жылі багіні мастацтваў — музы)
перан. усё, што звязана з паэзіяй; свет паэзіі.
паро́дыя
(гр. parodia = спевы навыварат)
1) твор, сатырычна або камічна падроблены пад іншы твор; жанр сатырычнай літаратуры, заснаваны на камічным перайманні стылю асобнага твора ці пісьменніка;
2) перан. няўдалае, чыста знешняе перайманне чаго-н., скажонае падабенства да чаго-н.
паро́ль
(фр. parole = слова)
сакрэтнае ўмоўнае слова або фраза для апазнавання сваіх у канспіратыўных арганізацыях і на вайсковай службе.
паро́німы
(ад пара- + гр. onyma = імя)
словы, блізкія па марфалагічнаму складу і гучанню, але розныя па значэнню (напр. «чалавечы» і «чалавечны»).
паро́тыя
(н.-лац. parrotia)
дрэва сям. гамамелісавых са здольнымі зрастацца стваламі і галінкамі, якое расце ў рэліктавых лясах Азербайджана і Паўн. Ірана.
парсе́к
[ад пар(алакс) + сек(унда)]
адзінка вымярэння адлегласці ў астраноміі, роўная 3,26 светлавога года.
парсі́зм
(ад перс. Pārsī = перс)
сучасная назва зораастрызму ў Індыі.
парсу́на
(ад лац. persona = асоба)
уст. жывапісны свецкі партрэт канца 16—17 ст., пераходны этап ад іканапісу да свецкага партрэта ў Расіі, на Беларусі і Украіне.