Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

пасі́раваць

(фр. passer = перадаваць)

падтрымліваць спартсмена, артыста пры выкананні акрабатычных, гімнастычных, цыркавых практыкаванняў, каб папярэдзіць падзенне.

пасі́ў

(лац. passivus = нядзейны)

1) менш ініцыятыўная, менш дзейная частка калектыву;

2) частка бухгалтарскага балансу, у якой у грашовым выражэнні паказаны крыніцы фарміравання і мэтавае прызначэнне гаспадарчых сродкаў прадпрыемства, яго даўгі і абавязацельствы (проціл. актыў 2);

3) перавышэнне грашовых расходаў краіны над яе замежнымі даходамі (проціл. актыў 3);

4) перан. тое, што складае адмоўны бок якой-н. з’явы, справы;

5) лінгв. залежны стан.

пасі́ўны

(лац. passivus)

неактыўны, неэнергічны, абыякавы да ўсяго (напр. п. чалавек).

пасіфло́ра

(ад лац. passio = пакута + flos, -oris = кветка)

трапічная расліна сям. страснакветных з ядомымі пладамі, якая ўецца па дрэвах.

па́сія

(лац. passio = пакута)

уст. прадмет кахання, страсці.

паска́ль

[(фр. pascal, ад B. Pascal = прозвішча фр. вучонага (1623—1662)]

адзінка ціску і механічнага напружання ў Міжнароднай сістэме адзінак (СІ), роўная ціску сілай у 1 ньютан на паверхню ў 1 м​2.

па́сквіль

(іт. pasquillo, ад Pasquino = імя рымскага башмачніка 15 ст., які пісаў з’едлівыя эпіграмы на высокапастаўленых асоб)

зняважлівы, паклёпніцкі твор, які мае на мэце зганьбаваць, скампраметаваць асобнага чалавека, групу людзей, сацыяльную з’яву або пэўны, часцей прагрэсіўны, кірунак.

паспарту́

(фр. passe-partout = праходзіць скрозь)

1) ключ, які падыходзіць да ўсіх замкоў; адмычка;

2) ліст кардону або цвёрдай паперы, на які наклейваюцца ілюстрацыі ў кнігах і часопісах;

3) кардонная рамка для малюнкаў, фатаграфічных картак.

пасп’е

(фр. passe-pied, ад passer = перастаўляць + pied = нага)

старадаўні французскі народны танец.

па́ста

(іт. pasta, ад гр. paste = мучная страва)

рэчыва ў выглядзе цестападобнай масы; прымяняецца ў касметыцы, кулінарыі і г.д. (напр. зубная п., таматная п.).