Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

парацэнтэ́з

(гр. parakentesis = пракол)

пракол барабаннай перапонкі з мэтай даць магчымасць выцяканню гною.

парашу́т

(фр. parachute, ад parer = папярэдзіць + chute = падзенне)

прыстасаванне ў выглядзе вялікага парасона для спуску чалавека або грузу з самалёта.

парашутадро́м

(ад парашут + -дром)

участак мясцовасці, падрыхтаваны і абсталяваны для трэніровак і спаборніцтваў парашутыстаў.

парашуты́зм

(ад парашут)

скачкі з парашутам з самалёта, аэрастата як від спорту.

парвеню́

(фр. parvenu)

уст. асоба, якая хутка дасягнула высокага службовага становішча або прабілася ў вышэйшыя слаі грамадства; выскачка.

парге́ліі

(ад пара- + гр. helios = сонца)

круглыя светлыя плямы, што часам з’яўляюцца на небе з аднаго або з абодвух бакоў сонца, што тлумачыцца пераламленнем сонечных прамянёў у ледзяных крышталіках перыстых хмар (адзін з відаў гало).

пардо́за

(н.-лац. pardosa)

павук сям. ліказідаў, які жыве па берагах вадаёмаў і на забалочаных мясцінах.

пардо́н

(фр. pardon)

разм. прабачце, даруйце.

парк

(с.-лац. parcus = агароджаны лясок)

1) вялікі сад з алеямі, кветнікамі, вадаёмамі, прызначаны для прагулак, адпачынку;

2) месца для стаянкі і рамонту транспартных сродкаў (напр. аўтобусны п., тралейбусны п.);

3) сукупнасць машын у гаспадарцы (напр. машынна-трактарны п.);

4) ваен. тэрыторыя, прыстасаваная для абслугоўвання і рамонту бранетанкавай, артылерыйскай і іншай тэхнікі.

парка́ль

(фр. percale)

тонкая баваўняная тканіна з набіўным рысункам.