Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова ∙ Скарачэнні ∙ Кніга ў PDF/DjVu

ТАРАШКЕ́ВІЧ Браніслаў Адамавіч (20.1.1892, б. засценак Мацюлішкі, Літва — 29.11.1938),

бел. грамадска-палітычны і асветны дзеяч, мовазнавец, публіцыст, перакладчык, літаратуразнавец. Акад. Бел. АН (1928). Скончыў Петраградскі ун-т (1916), у якім быў пакінуты для атрымання прафесарскага звання на кафедры рус. мовы і славеснасці (1916—18). У 1918 заг. культ.-асв. аддзела Бел. нац. камісарыята, яго Петраградскага аддзялення. З 1917 адзін з лідэраў Беларускай сацыялістычнай грамады, з 1918 — Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі. У 1918 выдаў «Беларускую граматыку для школ» (5-е факс. выд. 1991). У 1919 выкладаў бел. і грэч. мовы ў Мінскім бел. пед. ін-це. У 1920 старшы рэферэнт дэпартамента асветы т.зв. Сярэдняй Літвы, у 1921—22 дырэктар Віленскай беларускай гімназіі, адзін з кіраўнікоў і заснавальнікаў Таварыства беларускай школы. У 1922 абраны паслом (дэпутатам) сейма Польшчы, узначаліў у ім Беларускі пасольскі клуб. З трыбуны сейма абараняў сац. і нац. правы працоўных Зах. Беларусі. Выступаў у зах.-бел. друку з публіцыст. артыкуламі, прысвечанымі актуальным пытанням нац.-вызв. руху. У 1925 стаў адным з заснавальнікаў Беларускай сялянска-работніцкай грамады, старшыня яе ЦК, чл. КПЗБ. Двойчы (1927, 1931) арыштаваны польскімі ўладамі, засуджаны адпаведна на 12 і 8 гадоў. У турме пераклаў на бел. мову «Іліяду» Гамера і «Пана Тадэвуша» А.​Міцкевіча. У 1930 спец. распараджэннем прэзідэнта Польшчы вызвалены. У выніку абмену палітвязнямі з вер. 1933 жыў у СССР. Працаваў у Міжнар. агр. ін-це ў Маскве. 6.5.1937 арыштаваны АДПУ СССР па справе «Беларускага нацыянальнага цэнтра». 5.1.1938 асуджаны камісіяй НКУС СССР і пракурорам СССР («двойкай») да вышэйшай меры пакарання, расстраляны. Рэабілітаваны Ваен. калегіяй Вярх. суда СССР 26.1.1957.

Тв.:

Выбранае: Крытыка, публіцыстыка, пераклады. Мн., 1991.

Літ.:

Ліс А. Браніслаў Тарашкевіч. Мн., 1966;

Бергман А. Слова пра Браніслава Тарашкевіча: Гіст. жыццяпіс: Пер. з пол. Мн., 1996;

Валахановіч А.І., Міхнюк У.М. Споведзь у надзеі застацца жывым. Мн., 1999.

А.​С.​Ліс.

Б.А.Тарашкевіч.

т. 15, с. 439

ТАРАШКЕ́ВІЧ Уладзімір Іванавіч (н. 5.7.1948, Мінск),

бел. валтарніст. Засл. арт. Беларусі (1994). Скончыў Дзярж. муз.-пед. ін-т імя Гнесіных (1973). З 1970 выкладчык муз. школ Масквы і Мінска, з 1993 Бел. акадэміі музыкі. Адначасова з 1973 у складзе сімф. аркестра Творчага аб’яднання «Нац. акад. Вял. т-р оперы і балета Рэспублікі Беларусь», канцэртмайстар групы валторн. Выканаўца сольных партый на прэм’ерах спектакляў («Рагнеда» А.​Мдывані, «Тыль Уленшпігель» і «Майстар і Маргарыта» Я.​Глебава, «Сівая легенда» Дз.​Смольскага, «Новая зямля» Ю.​Семянякі і інш.). Выступае таксама ў складзе розных сімф. аркестраў.

А.​Л.​Карацееў.

т. 15, с. 439

ТА́РБА Іван Канстанцінавіч (21.3.1921, с. Беслахуба Ачамчырскага р-на, Абхазія — 1994),

абхазскі пісьменнік. Скончыў Сухумскі пед. ін-т (1947). Друкаваўся з 1937. Аўтар вершаў, паэм «На суд таварышаў» (1954), «Праз дзесяць гадоў» (1955), раманаў «Вядомае імя» (1963), «Вочы маёй маці» (1979). На бел. мову яго раман «Сонца ўзыходзіць у нас» пераклаў М.​Парахневіч (1979).

Тв.:

Рус. пер. — Избр. произв. Т. 1—2. М., 1981;

Дорога. которой нет конца...: Стихи, поэмы. М., 1976.

т. 15, с. 439

ТАРБАГА́Н,

сурок мангольскі (Marmota sibirica), млекакормячая жывёла роду суркоў сям. вавёркавых атр. грызуноў. Пашыраны ў горных і раўнінных стэпах Забайкалля, Тывы, Манголіі, Паўн.-Усх. Кітая. Арэал Т. ізаляваны ад інш. відаў роду. Жывуць у норах, утвараюць паселішчы. Упадаюць у зімовую спячку. Асн. пераносчык узбуджальніка чумы.

Даўж. цела да 60 см, хваста да 11 см. Афарбоўка спіны пясчана-жоўтая з чорнай або цёмна-бурай рабізной; бруха больш цёмнае і рыжае, чым бакі. Вакол вуснаў белая пляма. Расліннаедныя. Нараджаюць 4—5 дзіцянят раз за год. Аб’ект промыслу.

Э.​Р.​Самусенка.

т. 15, с. 439

ТАРБАГАТА́Й,

хрыбет паміж азёрамі Алаколь і Зайсан, на граніцы Казахстана і Кітая. Даўж. каля 300 км. Выш. да 2992 м. Складзены са сланцаў, вапнякоў, пясчанікаў, гранітаў. Развіты карст. Ніжнія часткі схілаў заняты паўпустынямі і стэпамі. Дрэвавая расліннасць па далінах рэк.

т. 15, с. 439

ТАРГАВІ́ЦКАЯ КАНФВДЭРА́ЦЫЯ,

саюз магнатаў Рэчы Паспалітай супраць прагрэсіўных рэформ Чатырохгадовага сейма 1788—92, які выкарыстала Рас. імперыя з мэтай рэстаўрацыі там дзярж. ладу, што існаваў да прыняцця Канстытуцыі 3 мая 1791. Акт Т.к. падпісаны ў С.-Пецярбургу 27.4.1792, фіктыўна абвешчаны ў мяст. Таргавіца (Украіна) 14.5.1792, праз 3 дні пасля пачатку інтэрвенцыі Расіі ў Рэч Паспалітую. Маршалак канфедэрацыі С.​Шч.Патоцкі (гл. ў арт. Патоцкія). Акт Т.к. называў рас. войскі сяброўскімі, скасоўваў усе рашэнні Чатырохгадовага сейма, у т. л. Канстытуцыю 3.5.1791, заклікаў шляхту злучыцца для «абароны рэспубліканскіх свабод» і тэр. цэласнасці дзяржавы. У ВКЛ адпаведныя канфедэрацыі ў ваяводствах і паветах ствараліся пры падтрымцы царскіх войск. Генеральная канфедэрацыя ВКЛ абвешчана ў Вільні 25.6.1792 у складзе 13 чал., маршалак — А.​М.​Сапега (гл. ў арт. Сапегі). Канфедэрацыю падтрымала каля 40 тыс. шляхціцаў ВКЛ. 11.9.1792 у Брэсце Генеральныя канфедэрацыі ВКЛ і Польшчы злучыліся ў Генеральную канфедэрацыю абодвух народаў, якая ўзяла некат. функцыі дзярж. улады. 24.9.1792 кіраўніцтва канфедэрацыі пераехала ў Гродна для падрыхтоўкі там сейма пад наглядам рас. пасла Я.​Я.​Сіверса. На тэр. Рэчы Паспалітай увяла свае войскі і Прусія, пасля чаго Расія абвясціла ноту аб падрыхтоўцы другога падзелу Рэчы Паспалітай. Кіраўніцтва канфедэрацыі для абароны краіны 11.2.1793 загадала мясц. канфедэрацыям склікаць паспалітае рушэнне і абраць ротмістраў. У сувязі з гэтым 10.3.1793 Сіверс прадаставіў павятовым маршалкам ранг ваявод і 6.5.1793 дазволіў правесці шляхецкія выбары на Гродзенскі сейм 1793. Ухваленнем на сейме 2-га падзелу Рэчы Паспалітай і дагавора з Расіяй Т.к. канчаткова скампраметавала сябе і 15.9.1793 распушчана.

Літ.:

Тимощук В.В. Тарговицкая конфедерация // Рус. старина. 1904. №9—10;

1905. №1—2;

Smolenski W. Konfederacya Targowicka. Kraków, 1903;

Kądziela Ł. Między zdradą a służbą Rzeczypospolitej. Warszawa, 1993.

Я.​К.​Анішчанка.

т. 15, с. 440

ТАРД (Tarde) Габрыэль (12.3.1843, г. Сарла-ла-Канеда, Францыя — 13.5.1904),

французскі сацыёлаг і крыміналіст, адзін з заснавальнікаў псіхалогіі сацыяльнай. З 1893 узначальваў аддзел у Мін-ве юстыцыі. З 1900 праф. новай філасофіі ў Калеж дэ Франс. Аўтар шэрагу прац «Законы пераймання» (1890), «Сацыяльная логіка» (1894) і інш. Цэнтр. механізмам сац. працэсаў лічыў дзеянне універсальных «законаў пераймання», з якімі звязваў і сац. інтэграцыю, і сац. развіццё. Да пераймання ён зводзіў розныя працэсы: сацыялізацыю як перайманне дзіцем дарослых, звычаі як перайманне традыц. узораў, моду як перайманне ўнутр. да знешняга і да т.п. Да фундаментальных сац. працэсаў адносіў таксама адаптацыю, важнейшым элементам і формай якой лічыў вынаходства. Лічыў, што ў выніку ўзаемадзеяння прыхільнікаў процілеглых вынаходстваў у грамадстве фарміруецца апазіцыя ў выглядзе сац. канфліктаў. Псіхал. канфлікты Т. разглядаў як сутыкненне процілеглых ідэй і матывацый унутры свядомасці індывіда і лічыў, што вынікам такога канфлікту могуць быць вынаходствы, што спрыяюць адаптацыі да сац. асяроддзя. Па меры прасоўвання ад маральных з’яў да эканам., а затым да паліт. сукупнасць прадметаў і з’яў, што здольны выклікаць канфлікты, імкнецца да змяншэння, але пры гэтым інтэнсіўнасць канфліктных узаемадзеянняў нарастае. Такую анамалію тлумачыў ступенню сац. прыстасаванняў, неабходных, каб інавацыя ўзнікла і рэалізавалася ў адпаведных сферах грамадства. У тлумачэнні сац. працэсаў імкнуўся выкарыстоўваць эмпірычныя паказчыкі, у прыватнасці, сац. статыстыку.

Тв.:

Рус. пер. — Преступления толпы. Казань, 1893;

Общественное мнение и толпа. М., 1902;

Социальные законы. СПб., 1906.

Я.​М.​Бабосаў.

т. 15, с. 440

ТАРДЭСІЛЬЯ́СКІ ДАГАВО́Р 1494,

пагадненне паміж Іспаніяй і Партугаліяй аб падзеле сфер калан. захопаў у Зах. паўшар’і, заключанае 7 чэрв. ў г. Тардэсільяс (Іспанія). Дагавор удакладняў лінію падзелу, што станавілі булы рым. папы ад 1493. Паводле Т.д. дэмаркацыйная лінія праходзіла праз абодва полюсы Зямлі і перасякала Атлантычны ак. на адлегласці 370 ліг (больш за 2 тыс. км) ад самай зах. часткі а-воў Зялёнага Мыса (каля зах. ўзбярэжжа Афрыкі). Землі на У ад гэтай лініі прызнаваліся ўладаннямі Партугаліі, на З ад яе — Іспаніі. Т.д. скасаваны ў 1777.

т. 15, с. 440

ТАРЖО́К,

горад у Цвярской вобл. Расіі, на р. Цверца (прыток р. Волга). Вядомы з 1139. 50,2 тыс. ж. (1999). Вузел чыгунак. Прам-сць: машынабудаванне і металаапр. (вагонабуд. і маш.-буд. з-ды), харч., гарбарна-абутковая. Дрэваапр. прадпрыемствы. З-д паліграф. фарбаў, золатавышывальная ф-ка, вытв-сць гліняных лялек. Музеі: гіст.-этнагр., арх.-этнагр. «Васілёва», залатога шыцця, А.​С.​Пушкіна. Драўляная царква Ушэсця (17—18 ст.), Барысаглебскі манастыр з аднайм. саборам (1785—86), Спаса-Праабражэнскі сабор (19 ст.).

т. 15, с. 440

ТАРКАВА́НКА,

традыцыйная бел. страва, тое, што бабка.

т. 15, с. 440