ТАРД (Tarde) Габрыэль (12.3.1843, г. Сарла-ла-Канеда, Францыя — 13.5.1904),

французскі сацыёлаг і крыміналіст, адзін з заснавальнікаў псіхалогіі сацыяльнай. З 1893 узначальваў аддзел у Мін-ве юстыцыі. З 1900 праф. новай філасофіі ў Калеж дэ Франс. Аўтар шэрагу прац «Законы пераймання» (1890), «Сацыяльная логіка» (1894) і інш. Цэнтр. механізмам сац. працэсаў лічыў дзеянне універсальных «законаў пераймання», з якімі звязваў і сац. інтэграцыю, і сац. развіццё. Да пераймання ён зводзіў розныя працэсы: сацыялізацыю як перайманне дзіцем дарослых, звычаі як перайманне традыц. узораў, моду як перайманне ўнутр. да знешняга і да т.п. Да фундаментальных сац. працэсаў адносіў таксама адаптацыю, важнейшым элементам і формай якой лічыў вынаходства. Лічыў, што ў выніку ўзаемадзеяння прыхільнікаў процілеглых вынаходстваў у грамадстве фарміруецца апазіцыя ў выглядзе сац. канфліктаў. Псіхал. канфлікты Т. разглядаў як сутыкненне процілеглых ідэй і матывацый унутры свядомасці індывіда і лічыў, што вынікам такога канфлікту могуць быць вынаходствы, што спрыяюць адаптацыі да сац. асяроддзя. Па меры прасоўвання ад маральных з’яў да эканам., а затым да паліт. сукупнасць прадметаў і з’яў, што здольны выклікаць канфлікты, імкнецца да змяншэння, але пры гэтым інтэнсіўнасць канфліктных узаемадзеянняў нарастае. Такую анамалію тлумачыў ступенню сац. прыстасаванняў, неабходных, каб інавацыя ўзнікла і рэалізавалася ў адпаведных сферах грамадства. У тлумачэнні сац. працэсаў імкнуўся выкарыстоўваць эмпірычныя паказчыкі, у прыватнасці, сац. статыстыку.

Тв.:

Рус. пер. — Преступления толпы. Казань, 1893;

Общественное мнение и толпа. М., 1902;

Социальные законы. СПб., 1906.

Я.​М.​Бабосаў.

т. 15, с. 440

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)