ТАРАШКЕ́ВІЧ Браніслаў Адамавіч (20.1.1892, б. засценак Мацюлішкі, Літва — 29.11.1938),

бел. грамадска-палітычны і асветны дзеяч, мовазнавец, публіцыст, перакладчык, літаратуразнавец. Акад. Бел. АН (1928). Скончыў Петраградскі ун-т (1916), у якім быў пакінуты для атрымання прафесарскага звання на кафедры рус. мовы і славеснасці (1916—18). У 1918 заг. культ.-асв. аддзела Бел. нац. камісарыята, яго Петраградскага аддзялення. З 1917 адзін з лідэраў Беларускай сацыялістычнай грамады, з 1918 — Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі. У 1918 выдаў «Беларускую граматыку для школ» (5-е факс. выд. 1991). У 1919 выкладаў бел. і грэч. мовы ў Мінскім бел. пед. ін-це. У 1920 старшы рэферэнт дэпартамента асветы т.зв. Сярэдняй Літвы, у 1921—22 дырэктар Віленскай беларускай гімназіі, адзін з кіраўнікоў і заснавальнікаў Таварыства беларускай школы. У 1922 абраны паслом (дэпутатам) сейма Польшчы, узначаліў у ім Беларускі пасольскі клуб. З трыбуны сейма абараняў сац. і нац. правы працоўных Зах. Беларусі. Выступаў у зах.-бел. друку з публіцыст. артыкуламі, прысвечанымі актуальным пытанням нац.-вызв. руху. У 1925 стаў адным з заснавальнікаў Беларускай сялянска-работніцкай грамады, старшыня яе ЦК, чл. КПЗБ. Двойчы (1927, 1931) арыштаваны польскімі ўладамі, засуджаны адпаведна на 12 і 8 гадоў. У турме пераклаў на бел. мову «Іліяду» Гамера і «Пана Тадэвуша» А.​Міцкевіча. У 1930 спец. распараджэннем прэзідэнта Польшчы вызвалены. У выніку абмену палітвязнямі з вер. 1933 жыў у СССР. Працаваў у Міжнар. агр. ін-це ў Маскве. 6.5.1937 арыштаваны АДПУ СССР па справе «Беларускага нацыянальнага цэнтра». 5.1.1938 асуджаны камісіяй НКУС СССР і пракурорам СССР («двойкай») да вышэйшай меры пакарання, расстраляны. Рэабілітаваны Ваен. калегіяй Вярх. суда СССР 26.1.1957.

Тв.:

Выбранае: Крытыка, публіцыстыка, пераклады. Мн., 1991.

Літ.:

Ліс А. Браніслаў Тарашкевіч. Мн., 1966;

Бергман А. Слова пра Браніслава Тарашкевіча: Гіст. жыццяпіс: Пер. з пол. Мн., 1996;

Валахановіч А.І., Міхнюк У.М. Споведзь у надзеі застацца жывым. Мн., 1999.

А.​С.​Ліс.

Б.А.Тарашкевіч.

т. 15, с. 439

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)