«ТАРА́С НА ПАРНА́СЕ»,
сатырычна-гумарыстычная паэма; помнік бел. літаратуры 19 ст. Верагодна, напісана ў 1850-я г. Доўгі час распаўсюджвалася ў рукапісах, упершыню апубл. як ананімны твор у газ. «Минский листок» (№37 за 16.5.1889). Праблема аўтарства складаная. Выказваліся думкі, што паэма належыць пяру В.Дуніна-Марцінкевіча ці А.Вярыгі-Дарэўскага, але творчая манера гэтых пісьменнікаў далёкая ад манеры аўтара паэмы. Меркавалі, што паэму напісаў В.Равінскі, з імем якога звязвалі паэму «Энеіда навыварат», або беглы дзекабрыст, які пад імем Яўхіма Крупенькі жыў у Клімавіцкім пав. на Магілёўшчыне. Большасць даследчыкаў аддавала перавагу меркаванню этнографа Е.Р.Раманава, што аўтар паэмы — адзін са студэнтаў Горы-Горацкага земляробчага ін-та. Былі падставы думаць. што паэма напісана якім-н. пецярбургскім літаратарам-беларусам, цесна звязаным з рус. літ. коламі. Перспектывы для даследчыкаў адкрыў спіс паэмы з паметай: «К.Вераніцын, 15.4.1855, Гарадок» (гл. Вераніцын К.В.). Апошнім часам паэма ўсё часцей друкуецца як аўтарскі твор Вераніцына. У снежні 2001 у г. Гарадок Віцебскай вобл. і на радзіме Вераніцына ў в. Астраўляны Гарадоцкага р-на ўстаноўлены мемарыяльныя знакі ў гонар паэмы і яе верагоднага аўтара. Магчыма, у напісанні паэмы ўдзельнічаў гімназічны таварыш Вераніцына Я.Вуль.
Сюжэт твора — прыгоды палясоўшчыка Тараса, які, выправіўшыся аднойчы ў пушчу, трапіў знянацку на Парнас — месца знаходжання багоў і паэтаў. Некат. вонкавымі адзнакамі твор прымыкае да травесційных паэм (гл. Бурлеска), да «Энеіды навыварат». Але зніжэнне вобразаў стараж. багоў і герояў і барацьба з эстэтыкай класіцызму не гал. мэта аўтара. У паэме даецца яскравая, напоўненая мноствам рэалій карціна побыту бел. сялян. З вял. сімпатыяй і майстэрствам створаны вобраз Тараса — адзін з першых рэаліст. вобразаў чалавека з народа ў бел. л-ры. Другая важная тэма — адлюстраванне становішча ў рус. л-ры сярэдзіны 19 ст., барацьбы перадавога і рэакц. кірункаў у ёй. Гэтаму прысвечана сцэна ўзыходжання пісьменнікаў на Парнас. Сімпатыі аўтара цалкам на баку перадавых пісьменнікаў, якія вызначалі сваёй творчасцю развіццё л-ры. Сваёй эстэт. сістэмай, дэмакр. сутнасцю паэма скіравана супраць эстэтыкі афіц. народнасці, супраць булгарынскай псеўданар. эстэтыкі. У паэме сатыр. выпады супраць славянафільскай ідэалізацыі патрыярхальнага побыту, адмаўленне сентыменталізму, уласцівага некат. творам тагачаснай бел. л-ры. Паэма адстойвала сапраўдную народнасць л-ры, сцвярджала неўміручасць народа, яго таленавітасць і жыццялюбства. Твор напісаны 4-стопным ямбам пушкінскай школы, у аснове мовы — усх.-бел. гаворкі, якімі аўтар валодае віртуозна. Адчуваецца цесная сувязь з фальклорам, нар. гумарыстычным апавяданнем. Вялікую ролю адыгрываюць нар. параўнанні, выслоўі, устойлівыя звароты. Арыгінальным сюжэтам, высокім узроўнем маст. дасканаласці «Т. на П.» — якасна новая з’ява ў бел. л-ры. Яна адыграла вял. ролю ў станаўленні бел. літ. мовы, развіцці бел. л-ры, ва ўмацаванні дэмакр.рэаліст. кірунку ў ёй. Перакладзена на рус., укр., польск., англ. мовы.
Публ.:
Энеіда навыварат;
Тарас на Парнасе. Мн., 1982;
Тарас на Парнасе: Нар. паэма. Мн., 1998.
Літ.:
Лазарук М.А. Станаўленне беларускай паэмы. Мн., 1968;
Шаўцоў П. Спрадвечнае. Мн., 1973;
Кісялёў Г.В. Пошукі імя. Мн., 1978;
Яго ж. Разыскивается классик...: Пер. с бел. Мн., 1989;
Скалабан В. Новыя матэрыялы з гісторыі беларускай літаратуры XIX ст. // Шляхам гадоў. Мн., 1990. [Вып. 1.];
Хаўстовіч М. Вераніцын ці Вуль? // XIX ст. Навук.-літ. альманах. Мн., 2000. Кн. 2.
Г.В.Кісялёў.
т. 15, с. 435