Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова ∙ Скарачэнні ∙ Кніга ў PDF/DjVu

ТАНГАНЬІ́КА (Tanganyika),

возера ў Афрыцы, у Дэмакр. Рэспубліцы Конга, Танзаніі, Замбіі і Бурундзі. Пл. 34 тыс. км². Размешчана ў тэктанічнай упадзіне Усх.-Афрыканскай зоны разломаў на выш. 773 м. Даўж. каля 650 км, шыр. да 80 км, глыб. да 1470 м (другое па глыбіні пасля воз. Байкал). Берагі прамалінейныя, месцамі высокія і стромкія. У Т. ўпадаюць рэкі Малагарасі і Рузізі. Сцёк па р. Лукуга ў р. Луалаба (бас. р. Конга). Багатая фауна; сярод рыб, крэветак, весланогіх і інш. вял. колькасць эндэмікаў. Водзяцца бегемоты, кракадзілы, шмат вадаплаўных птушак. Па берагах — нац. паркі: Сумбу (Замбія), Гомбе-Стрым (Танзанія); рэзерват Убвары (Дэмакр. Рэспубліка Конга). Рыбалоўства. Суднаходства. Парты: Кігома (Танзанія), Бужумбура (Бурундзі), Калеміе (Дэмакр. Рэспубліка Конга). Адкрыта англ. даследчыкамі Р.​Бёртанам і Дж.​Спікам у 1858.

т. 15, с. 417

ТАНГАНЬІ́КА (Tanganyika) у 1920—47 падмандатная, у 1947—61 падапечная тэр. Вялікабрытаніі ва Усх. Афрыцы. З 1961 незалежная дзяржава, у выніку аб’яднання Т. і Занзібара ў 1964 створана Танзанія.

т. 15, с. 417

ТАНГАРЫ́РА (Tongariro),

нацыянальны парк у Новай Зеландыі, на вулканічным плато ў цэнтр. ч. в-ва Паўночны. Пл. 76,2 тыс. га. Створаны ў 1894. Горны раён (выш. 600—2979 м) з дзеючымі (Нгаўрухоэ, Руапеху, Тангарыра) і патухлымі вулканамі. Гарачыя азёры. Тэрмальныя крыніцы. Мяшаныя субтрапічныя лясы з эпіфітамі да выш. 850 м, вышэй (да 1600 м) лясы з серабрыстага і горнага букаў. На мяжы лесу — пояс хмызняку, пераважна са складанакветных і папарацей, участкамі злакоўнікі (тасек). У батанічным садзе Т. каля 450 відаў абарыгенных раслін. На Т. вял. колькасць абарыгенных птушак: белавочка, валасянкавыя, медасос, веерахвостка, мухалоўка, папугаі, у т. л. чырваналобы і зялёны нестар, новазеландскі сокал, паўночны ківі, пастушок уэка, лунь і інш. Сярод уселеных жывёл — высакародны алень, тары, серна, апосумы, зайцы, здзічэлыя каты і свінні; з птушак — зяблік, чорны дрозд, фазаны, курапаткі, вераб’і. Экзатычныя віды кустоў і траў. Турызм. Т. ўключаны ЮНЕСКА у спіс Сусветнай спадчыны (1990).

т. 15, с. 417

ТАНГАТА́ПУ (Tongatapu),

Тангатабу, каралавы востраў у Ціхім ак., найб. ў архіпелагу Тонга, у складзе дзяржавы Тонга. Пл. 257 км². Нас. каля 50 тыс. чал. (2000). Выш. да 61 м. Клімат трапічны пасатны. Плантацыі какосавых пальмаў, бананаў, цытрусавых. На Т. — г. Нукуалофа — сталіца і гал. порт краіны.

т. 15, с. 417

ТА́НГЕНС (ад лац. tangens які датыкаецца),

адна з трыганаметрычных функцый. Абазначаецца tg. Т. вострага вугла прамавугольнага трохвугольніка — адносіны катэта, што ляжыць насупраць гэтага вугла, да катэта, які прылягае да яго.

т. 15, с. 417

ТАНГЕНЦЫЯ́ЛЬНАЕ ПАСКАРЭ́ННЕ, датычнае паскарэнне, складальная паскарэння матэрыяльнага пункта пры яго нераўнамерным крывалінейным руху, накіраваная ўздоўж датычнай да яго траекторыі. Пры прамалінейным руху супадае з поўным паскарэннем. Характарызуе хуткасць змены модуля скорасці: aτ→ = ( dv / dt ) τ→ , дзе τ→ = v→ / v — адзінкавы вектар датычнай. Праекцыя Т.п. на напрамак скорасці ατ = dv/dt. Пры запаволеным Пры запаволеным руху матэрыяльнага пункта ατ < 0, пры паскораным — ατ > 0, пры раўнамерным руху — ατ = 0.

т. 15, с. 417

ТАНГЛА́,

горны хрыбет у Кітаі. на Тыбецкім нагор’і. Даўж. каля 700 км. Выш. да 6096 м (г. Басудан-Ула). Складаецца з некалькіх горных масіваў, утвораных пераважна з вапняковых і гліністых сланцаў. Вяршыні купалападобныя, схілы пакатыя. Высакагорныя стэпы, галечныя і друзавыя халодныя пустыні. Ледавікі.

т. 15, с. 417

ТАНГУ́Н,

паводле карэйскіх легенд і летапісных паданняў, родапачынальнік карэйцаў, заснавальнік карэйскай дзяржавы Часон. Сярод міфаў пра Т. найб. пашырана версія з твора 13 ст. «Самгукюса», паводле якой, Т. — сын небажыхара Хвануна і мядзведзіцы, што ператварылася ў прыгожую жанчыну. Легендарная дата пачатку праўлення Т. (2333 да н.э.) прынята ў Рэспубліцы Карэя як адлік «нацыянальнай» эры летазлічэння. У 1993 у Карэйскай Нар. Дэмакр. Рэспубліцы абвешчана, што грабніца з рэшткамі Т. знойдзена каля Пхеньяна, т.ч. Т. — рэальная гіст. асоба. 11.10.1994 урачыста адкрыта новая велічная мармуровая грабніца Т. ў выглядзе піраміды памерамі 45 × 45 × 22 м.

Літ.:

Корейские предания и легенды из средневековых книг. М., 1980;

Чан У Чжин. Антропологические особенности костей человека, обнаруженных в гробнице Тангуна // Корея сегодня. 1994. №1;

Реконструированная гробница Тангуна // Корея. 1994. №11.

Ю.​В.​Бажэнаў.

Грабніца Тангуна. Павет Кандон каля Пхеньяна. 1994.

т. 15, с. 417

ТА́НГЭ Кэндзо (н. 4.9.1913, г. Імабары, Японія),

японскі архітэктар, педагог, тэарэтык архітэктуры. Вучыўся ў Такійскім ун-це (1935—38) і выкладаў у ім (з 1942, з 1949 праф.). Ганаровы чл. Берлінскай акадэміі выяўл. мастацтва (1958), Рас. АМ (1988) і інш. Зазнаў уплыў пластычных эксперыментаў Ле Карбюзье, бруталізму. У 1961 стварыў групу урбаністаў і архітэктараў URTEC, якая прадугледжвала калект. прынцыпы творчай дзейнасці. Творчасць Т. адносіцца да рэгіянальнага кірунку сучаснай архітэктуры, што грунтуецца на формах канструктывізму, адметная пошукамі гарманічнага суіснавання чалавека з новым дынамічна-функцыян. гар. асяроддзем. Яна апіраецца на традыцыі яп. архітэктуры, але па-наватарску сінтэзуе іх для сучасных функцый, выкарыстоўвае новыя буд. матэрыялы, жал.-бетонныя канструкцыі, арх. структуры бетонных шахтаў з інж. камунікацыямі. Асн. работы (у сааўт.): у Токіо — Цэнтр мастацтваў Сагэцу (1956), будынак муніцыпалітэта (1952—57), Алімп. спарт. комплекс (1961—64), кафедральны сабор св. Марыі (1963—64); цэнтры Міру ў г. Хірасіма (1949—56), масавай інфармацыі ў г. Кофу (1962—67) і інш. Аўтар плана-праекта рэарганізацыі і пашырэння Токіо (1960), праектаў Сусв. выстаўкі «ЭКСПО-70» у г. Осака (1967), рэканструкцыі г. Скоп’е (1965).

Тв.:

Рус. пер. — Архитектура Японии. М., 1976.

Літ.:

Кендзо Танге: Архитектура и градостроительство. М., 1978.

Я.​Ф.​Шунейка.

К.Тангэ.
К.Тангэ. Цэнтр масавай інфармацыі ў г. Кофу.

т. 15, с. 417

ТАНД (Tende) Гаспар дэ (1618, г. Ман, Францыя — 1697),

французскі падарожнік і пісьменнік. Служыў пры двары польскага караля і вял. кн. ВКЛ Яна II Казіміра Вазы. Пасля адрачэння караля ад трона ў 1668 вярнуўся ў Францыю. У 1674 зноў ездзіў у Рэч Паспалітую ў якасці сакратара франц. пасла. У 1684 выдаў у Парыжы кн. «Гістарычныя рэляцыі пра Польшчу» (перавыдадзена некалькі разоў на розных мовах). Звесткі пра Беларусь у ёй пададзены з пункту гледжання падарожніка. Так, Т. раіў падарожнікам, якія будуць наведваць гэтую краіну, браць з сабой харчовыя прадукты, віно, міску, лыжку і нож, бо падарожнікам часта давядзецца начаваць пад павеццю, побач з коньмі, каровай і бочкамі з капустай.

Літ.:

Грыцкевіч В., Мальдзіс А. Шляхі вялі праз Беларусь. Мн., 1980.

А.​П.​Грыцкевіч.

т. 15, с. 418