ТА́НГЭ Кэндзо (н. 4.9.1913, г. Імабары, Японія),

японскі архітэктар, педагог, тэарэтык архітэктуры. Вучыўся ў Такійскім ун-це (1935—38) і выкладаў у ім (з 1942, з 1949 праф.). Ганаровы чл. Берлінскай акадэміі выяўл. мастацтва (1958), Рас. АМ (1988) і інш. Зазнаў уплыў пластычных эксперыментаў Ле Карбюзье, бруталізму. У 1961 стварыў групу урбаністаў і архітэктараў URTEC, якая прадугледжвала калект. прынцыпы творчай дзейнасці. Творчасць Т. адносіцца да рэгіянальнага кірунку сучаснай архітэктуры, што грунтуецца на формах канструктывізму, адметная пошукамі гарманічнага суіснавання чалавека з новым дынамічна-функцыян. гар. асяроддзем. Яна апіраецца на традыцыі яп. архітэктуры, але па-наватарску сінтэзуе іх для сучасных функцый, выкарыстоўвае новыя буд. матэрыялы, жал.-бетонныя канструкцыі, арх. структуры бетонных шахтаў з інж. камунікацыямі. Асн. работы (у сааўт.): у Токіо — Цэнтр мастацтваў Сагэцу (1956), будынак муніцыпалітэта (1952—57), Алімп. спарт. комплекс (1961—64), кафедральны сабор св. Марыі (1963—64); цэнтры Міру ў г. Хірасіма (1949—56), масавай інфармацыі ў г. Кофу (1962—67) і інш. Аўтар плана-праекта рэарганізацыі і пашырэння Токіо (1960), праектаў Сусв. выстаўкі «ЭКСПО-70» у г. Осака (1967), рэканструкцыі г. Скоп’е (1965).

Тв.:

Рус. пер. — Архитектура Японии. М., 1976.

Літ.:

Кендзо Танге: Архитектура и градостроительство. М., 1978.

Я.​Ф.​Шунейка.

К.Тангэ.
К.Тангэ. Цэнтр масавай інфармацыі ў г. Кофу.

т. 15, с. 417

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)