ТАНД (Tende) Гаспар дэ (1618, г. Ман, Францыя — 1697),

французскі падарожнік і пісьменнік. Служыў пры двары польскага караля і вял. кн. ВКЛ Яна II Казіміра Вазы. Пасля адрачэння караля ад трона ў 1668 вярнуўся ў Францыю. У 1674 зноў ездзіў у Рэч Паспалітую ў якасці сакратара франц. пасла. У 1684 выдаў у Парыжы кн. «Гістарычныя рэляцыі пра Польшчу» (перавыдадзена некалькі разоў на розных мовах). Звесткі пра Беларусь у ёй пададзены з пункту гледжання падарожніка. Так, Т. раіў падарожнікам, якія будуць наведваць гэтую краіну, браць з сабой харчовыя прадукты, віно, міску, лыжку і нож, бо падарожнікам часта давядзецца начаваць пад павеццю, побач з коньмі, каровай і бочкамі з капустай.

Літ.:

Грыцкевіч В., Мальдзіс А. Шляхі вялі праз Беларусь. Мн., 1980.

А.​П.​Грыцкевіч.

т. 15, с. 418

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)