ТАНГАРЫ́РА (Tongariro),

нацыянальны парк у Новай Зеландыі, на вулканічным плато ў цэнтр. ч. в-ва Паўночны. Пл. 76,2 тыс. га. Створаны ў 1894. Горны раён (выш. 600—2979 м) з дзеючымі (Нгаўрухоэ, Руапеху, Тангарыра) і патухлымі вулканамі. Гарачыя азёры. Тэрмальныя крыніцы. Мяшаныя субтрапічныя лясы з эпіфітамі да выш. 850 м, вышэй (да 1600 м) лясы з серабрыстага і горнага букаў. На мяжы лесу — пояс хмызняку, пераважна са складанакветных і папарацей, участкамі злакоўнікі (тасек). У батанічным садзе Т. каля 450 відаў абарыгенных раслін. На Т. вял. колькасць абарыгенных птушак: белавочка, валасянкавыя, медасос, веерахвостка, мухалоўка, папугаі, у т. л. чырваналобы і зялёны нестар, новазеландскі сокал, паўночны ківі, пастушок уэка, лунь і інш. Сярод уселеных жывёл — высакародны алень, тары, серна, апосумы, зайцы, здзічэлыя каты і свінні; з птушак — зяблік, чорны дрозд, фазаны, курапаткі, вераб’і. Экзатычныя віды кустоў і траў. Турызм. Т. ўключаны ЮНЕСКА у спіс Сусветнай спадчыны (1990).

т. 15, с. 417

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)