Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (пад рэд. І. Л. Капылова, 2022, актуальны правапіс)

ПрадмоваСкарачэнні

шах¹, -а, мн. -і, -аў, м.

Тытул манарха ў некаторых краінах Усходу, а таксама асоба, якая носіць гэты тытул.

|| прым. ша́хскі, -ая, -ае.

шах², -а, мн. -і, -аў, м.

У шахматнай гульні: нападзенне якой-н. фігурай або пешкай на караля праціўніка, якое стварае яму пагрозу.

Аб’явіць ш.

Ш. каралю.

шахінша́х, -а, мн. -і, -аў, м.

Урачысты тытул персідскага шаха (літаральна: цар цароў), а таксама асоба, якая насіла гэты тытул.

|| прым. шахінша́хскі, -ая, -ае.

шахі́ня, -і, мн. -і, -хінь, ж.

Жонка шаха¹.

ша́хматы, -мат.

1. Гульня белымі і чорнымі фігурамі і пешкамі на дошцы ў 64 клеткі, якая заключаецца ў тым, што кожны з двух партнёраў імкнецца аб’явіць мат¹ каралю саперніка, а таксама адпаведны від спорту.

Гуляць у ш.

Першынство свету па шахматах.

2. Фігуры і пешкі для такой гульні.

Дарожныя ш.

|| прым. ша́хматны, -ая, -ае.

Ш. гурток.

шахматы́ст, -а, М -сце, мн. -ы, -аў, м.

Ігрок у шахматы.

Турнір шахматыстаў.

|| ж. шахматы́стка, -і, ДМ -тцы, мн. -і, -так.

|| прым. шахматы́сцкі, -ая, -ае.

шахра́й, -я́, мн. -і́, -ёў, м. (разм., пагард.).

Чалавек, які любіць пажывіцца за кошт іншых; жулік.

|| ж. шахра́йка, -і, ДМ -йцы, мн. -і, -ра́ек.

|| прым. шахра́йскі, -ая, -ае.

шахра́йства, -а, н.

Учынкі шахрая; жульніцтва.

ша́хта, -ы, М -хце, мн. -ы, шахт і -аў, ж.

1. Вертыкальная ці нахіленая горная выпрацоўка, якая мае непасрэдны выхад на паверхню; шахтавы ствол.

Заваленая ш.

Спускацца ў шахту.

2. Горнапрамысловае прадпрыемства, якое вядзе падземную здабычу карысных выкапняў; месца здабычы іх.

Працаваць у шахтах.

3. Вертыкальная падоўжаная поласць у некаторых прамысловых канструкцыях (спец.).

Ліфтавая ш.

|| прым. ша́хтавы, -ая, -ае.

Шахтавая печ.

шахцёр, -а, мн. -ы, -аў, м.

Горнарабочы, які працуе ў шахце.

|| ж. шахцёрка, -і, ДМ -рцы, мн. -і, -рак.

|| прым. шахцёрскі, -ая, -ае.