Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (пад рэд. І. Л. Капылова, 2022, актуальны правапіс)

ПрадмоваСкарачэнні

шэдэ́ўр, -а, мн. -ы, -аў, м. (кніжн.).

Выключны па сваіх вартасцях твор мастацтва, літаратуры, майстэрства.

Шэдэўры архітэктуры.

шэзло́нг, -а, мн. -і, -аў, м.

Лёгкае рассоўнае крэсла з пакатай спінкай і доўгім сядзеннем, з матэрыі, у якім адпачываюць паўлежачы.

Пляжны ш.

|| прым. шэзло́нгавы, -ая, -ае.

шэйк, -а, м.

Эксцэнтрычны парны танец.

шэйх, -а, мн. -і, -аў, м.

1. У арабскіх краінах: галава роду, старэйшына абшчыны.

2. У мусульман: асоба, якая належыць да вышэйшага духавенства, вучоны-багаслоў, прававед.

шэ́льма, -ы, мн. -ы, -аў, м. і ж.

Махляр, круцель; нягоднік, паганец.

|| прым. шальмо́ўскі, -ая, -ае.

шэльф, -а, мн. -ы, -аў, м. (спец.).

Прыбярэжная мелкаводная частка акіяна вакол мацерыка (з глыбінямі да 200 м).

Кантынентальны ш.

|| прым. шэ́льфавы, -ая, -ае.

Шэльфавая зона.

шэ́нкель, -я, мн. -і, -яў, м. (спец.).

Унутраная, звернутая да каня частка нагі конніка ад калена да шчыкалаткі, якая дапамагае кіраваць канём.

Даць шэнкеля (моцна націснуць шэнкелямі).

шэпт, -у, М -пце, м.

1. Ледзь чутная гутарка, пры якой гукі вымаўляюцца без удзелу галасавых звязак.

Гаварыць шэптам.

2. перан. Ціхі, невыразны шум, шапаценне, цурчанне і пад.

Ш. хваль.

3. Погаласка, чутка, якія перадаюцца па сакрэце.

Пра гэта ўжо пусцілі ш.

Шэпты хату губяць (прыказка; разбураюць уклад, уносяць разлад).

4. мн. -ы, -аў. Набор слоў, якія паводле забабонных уяўленняў маюць чарадзейную сілу; заклінанне (разм.).

Лячыць шэптамі.

шэраво́кі, -ая, -ае.

3 шэрымі вачамі.

шэ́раг, -а, мн. -і, -аў, м.

1. Лінія роўна размешчаных аднародных прадметаў, рад; шарэнга.

Ш. фурманак.

Стаць у адзін ш.

Шэрагі байцоў.

У першых шэрагах (таксама перан.: наперадзе ўсіх).

2. Сукупнасць якіх-н. з’яў, што ідуць адна за другой.

Ш. эпізодаў.

3. Некаторая, звычайна невялікая колькасць чаго-н.

Ш. пытанняў.

У шэрагу выпадкаў.

4. мн. Склад, асяроддзе.

Уліцца ў баявыя шэрагі.