сіг, -а, мн. -і, -аў, м.
Паўночная прэснаводная прамысловая рыба сямейства ласасёвых.
|| прым. сіго́вы, -ая, -ае.
сіга́ць, -а́ю, -а́еш, -а́е; незак.
Скакаць; узнімаць.
Вавёрка сігала з сасны на сасну.
|| аднакр. сігану́ць, -ну́, -не́ш, -не́; -нём, -няце́, -ну́ць; -ні́.
сігна́л, -у, мн. -ы, -аў, м.
1. Умоўны знак (зрокавы або гукавы) для перадачы на адлегласць якога-н. паведамлення, распараджэння, каманды і пад.
С. дакладнага часу.
С. сірэны.
Прагучаў с. хуткай дапамогі.
2. перан. Тое, што з’яўляецца прычынай, служыць штуршком да якога-н. дзеяння ў адказ.
Сігналам да шырокай дыскусіі паслужыў газетны артыкул.
3. перан. Папярэджанне, паведамленне аб чым-н. непажаданым.
С. з інспекцыі.
4. Імпульс або група імпульсаў электрамагнітнай энергіі.
|| прым. сігна́льны, -ая, -ае (да 1 і 2 знач.).
○
Першая сігнальная сістэма (спец.) — сістэма ўмоўнарэфлекторных сувязей, якія фарміруюцца ў жывёлы і чалавека пры ўздзеянні канкрэтных раздражняльнікаў.
Другая сігнальная сістэма (спец.) — уласцівая чалавеку сістэма ўмоўнарэфлекторных сувязей, якія фарміруюцца пры ўздзеянні моўных сігналаў.
сігналізава́ць, -зу́ю, -зу́еш, -зу́е; -зу́й; зак. і незак.
1. Падаць (падаваць) сігнал.
С. ракетай.
С. аб набліжэнні цягніка.
2. перан. Папярэдзіць (папярэджваць), паведаміць (паведамляць) пра што-н. непажаданае.
С. аб праліках і недахопах.
|| зак. прасігналізава́ць, -зу́ю, -зу́еш, -зу́е; -зу́й (да 1 знач.).
|| наз. сігналіза́цыя, -і, ж. (да 1 знач.).
|| прым. сігналізацы́йны, -ая, -ае (да 1 знач.).
сігна́ліць, -лю, -ліш, -ліць; незак. (разм.).
Тое, што і сігналізаваць (у 1 знач.).
|| зак. прасігна́ліць, -лю, -ліш, -ліць.
сігна́льшчык, -а, мн. -і, -аў, м.
Чалавек, які падае сігналы (у 1 знач.).
сігнату́ра, -ы, мн. -ы, -ту́р, ж. (спец.).
1. Частка рэцэпта з указаннем спосабу ўжывання лякарства, а таксама копія рэцэпта, якая прыкладаецца аптэкай да выдадзенага лякарства.
2. спец. Лічба, якая абазначае парадкавы нумар друкаванага аркуша (друкуецца злева ўнізе на першай старонцы кожнага аркуша).
|| памянш. сігнату́рка, -і, ДМ -рцы, мн. -і, -рак, ж.
|| прым. сігнату́рны, -ая, -ае.