Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (пад рэд. І. Л. Капылова, 2022, актуальны правапіс)

ПрадмоваСкарачэнні

ані́, прысл. (звычайна з адмоўем).

Зусім, ніколькі.

Не баяўся ён смерці ані.

аніво́дны, -ая, -ае (разм.).

Ні адзін, зусім ні адзін.

Я не чуў пра цябе аніводнага благога слова.

анідзе́, прысл. (разм.).

Нідзе, зусім нідзе.

А. не бачыў такога хараства.

анізва́ння, прысл. (разм.).

Зусім, аніколькі.

А. не спаў у тую трывожную ноч.

аніко́лі, прысл. (разм.).

Зусім ніколі, век.

Такой вайны на зямлі а. не будзе.

аніко́лькі, прысл. (разм.).

Тое, што і ніколькі.

анілі́н, -у, м.

Арганічнае злучэнне — алеістая атрутная вадкасць без колеру, якая выкарыстоўваецца пры вырабе лякарстваў, фарбавальнікаў і інш.

|| прым. анілі́навы, -ая, -ае.

Анілінавыя фарбы.

анімалі́ст, -а, М -сце, мн. -ы, -аў, м.

Мастак, жывапісец або скульптар, які паказвае ў сваіх творах жывёл.

|| ж. анімалі́стка, -і, ДМ -тцы, мн. -і, -так.

анімі́зм, -у, м.

Сістэма ўяўленняў пра існаванне духа, душы ў чалавека, жывёлы, расліны, прадметаў; адухаўленне сіл і з’яў прыроды.

|| прым. анімісты́чны, -ая, -ае.

ані́с, -а і -у, м.

1. -а. Аднагадовая травяністая эфіраалейная расліна сямейства парасонавых з насеннем, якое мае рэзкі саладкаваты пах.

2. -у. Гатунак яблыкаў.

|| прым. ані́савы, -ая, -ае.

Анісавыя кроплі.

А. алей.