Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (пад рэд. І. Л. Капылова, 2022, актуальны правапіс)

ПрадмоваСкарачэнні

апалчэ́нец, -нца, мн. -нцы, -нцаў, м.

Чалавек, які ўступіў у апалчэнне, удзельнік, баец апалчэння.

|| ж. апалчэ́нка, -і, ДМ -нцы, мн. -і, -нак.

|| прым. апалчэ́нскі, -ая, -ае.

апалчэ́нне, -я, н.

Ваеннае фарміраванне, якое ствараецца ў час надзвычайных абставін для дапамогі рэгулярнай арміі на добраахвотных пачатках з асоб, якія вызвалены ад вайсковай службы.

|| прым. апалчэ́нскі, -ая, -ае.

апа́лы, -ая, -ае.

1. Які асыпаўся, апаў з дрэў і пад.

Апалае лісце.

2. Які нізка апусціўся, абвіс.

Апалыя галіны яблынь.

3. Схуднелы.

Апалыя шчокі.

4. перан. Які пагоршыўся, сапсаваўся.

А. настрой.

апа́льны, -ая, -ае.

Які знаходзіцца ў апале.

А. баярын.

апа́льшчык, -а, мн. -і, -аў, м.

Той, хто паліць печы ў службовым памяшканні або працуе ў кацельнай.

|| ж. апа́льшчыца, -ы, мн. -ы, -чыц.

|| прым. апа́льшчыцкі, -ая, -ае.

апаля́чыць, -чу, -чыш, -чыць; -чаны; зак., каго-што.

Зрабіць падобным на палякаў па мове, звычаях і пад., прымусіць засвоіць культуру паляка.

|| незак. апаля́чваць, -аю, -аеш, -ае.

|| звар. апаля́чыцца, -чуся, -чышся, -чыцца; незак. апаля́чвацца, -аюся, -аешся, -аецца.

|| наз. апаля́чанне, -я, н.

апа́мятацца, -аюся, -аешся, -аецца; зак.

1. Апрытомнець, прыйсці да памяці; зноў пачаць спакойна разважаць і дзейнічаць.

Апамятаўся ён у шпіталі.

2. Адумаўшыся, зразумець сваю памылку.

Апамятайся, што ты гаворыш!

3. Агледзецца, заўважыць.

Мы і а. не паспелі, як мінуўся наш адпачынак.

апанава́ць, 1 і 2 ас. звычайна не ўжыв., -ну́е; -ну́й; -нава́ны; зак., каго-што.

1. Ахапіць, авалодаць (пра фізічны стан, настрой і пад.).

Жанчыну апанаваў страх.

2. Напасці ў вялікай колькасці, акружыць, накінуцца.

Яго апанавалі сабакі.

3. З’явіцца ў вялікай колькасці (разм.).

Справы апанавалі.

|| незак. апано́ўваць, -ае.

апане́нт, -а, М -нце, мн. -ы, -аў, м.

1. (кніжн.). Той, хто апаніруе каму-н.

Афіцыйны а. на абароне дысертацыі.

2. Той, хто наогул выступае як праціўнік у спрэчцы.

|| ж. апане́нтка, -і, ДМ -тцы, мн. -і, -так (разм.).

|| прым. апане́нцкі, -ая, -ае.

апані́раваць, -рую, -руеш, -руе; -руй; незак. (кніжн.).

Выступаць з крытычным разборам чаго-н. на дыспуце, з абвяржэннем чыіх-н. доказаў, палажэнняў у час абароны дысертацыі і пад.

А. дысертанту.