Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (пад рэд. І. Л. Капылова, 2022, актуальны правапіс)

ПрадмоваСкарачэнні

паўзніма́цца і паўздыма́цца, 1 і 2 ас. адз. не ўжыв., -а́ецца; -а́емся, -а́ецеся, -а́юцца; зак.

Узняцца — пра ўсіх, многіх або пра ўсё, многае.

паўзніма́ць і паўздыма́ць, -а́ю, -а́еш, -а́е; зак., каго-што.

Узняць усё, многае або ўсіх, многіх.

П. байцоў па трывозе.

паўзрыва́цца, 1 і 2 ас. не ўжыв., -а́ецца; зак.

Узарвацца — пра ўсё, многае.

Снарады паўзрываліся.

паўзрыва́ць¹, 1 і 2 ас. не ўжыв., -а́е; зак., што.

Узрыць усё, многае.

Свінні паўзрывалі грады.

паўзрыва́ць², -а́ю, -а́еш, -а́е; -а́ны; зак., што.

Узарваць усё, многае.

П. масты.

паўзу́н, -а́, мн. -ы́, -о́ў, м.

1. Той, хто не ўмее яшчэ хадзіць, а толькі поўзае (разм.).

2. Дэталь механізма, якая слізгаецца ўзад і ўперад па чым-н. у прамалінейным напрамку (спец.).

3. мн. Клас пазваночных жывёл, якія перамяшчаюцца пераважна паўзком (змеі, яшчаркі, кракадзілы, чарапахі).

|| прым. паўзу́нны, -ая, -ае (да 2 знач.; спец.).

П. механізм.

паўзуно́к, -нка́, мн. -нкі́, -нко́ў, м.

1. Тое, што і паўзун (у 1 і 2 знач.).

2. мн. Спецыяльны касцюм для маленькіх дзяцей, калі яны яшчэ не ўмеюць хадзіць, а толькі поўзаюць.

|| прым. паўзунко́вы, -ая, -ае.

паўзу́чы, -ая, -ае.

1. Які поўзае, перамяшчаецца шляхам поўзання.

Паўзучыя гады (пра змей).

2. Які сцелецца па зямлі або чапляецца за што-н.

Паўзучыя расліны.

Паўзучы эмпірызм (кніжн., неадабр.) — няўмелае апісанне фактаў без іх аналізу і абагульнення.

паўзці́, -зу́, -зе́ш, -зе́; -зём, -зяце́, -зу́ць; по́ўз, паўзла́, -ло́; -зі́; незак.

1. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Перамяшчацца па паверхні ўсім целам (пра паўзуноў) ці на ножках (пра насякомых).

Жук паўзе.

Павук паўзе па сцяне.

Туман паўзе па нізіне (перан.).

2. Пра чалавека: перамяшчацца, прыпадаючы тулавам да паверхні і перабіраючы па ёй рукамі і нагамі.

Байцы паўзлі на жыватах.

Дзіця паўзе па падлозе.

3. Ісці, перамяшчацца вельмі павольна (разм.).

Цягнік паўзе.

4. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Расці, прылягаючы да паверхні, чапляючыся за яе.

Па ствале дрэва поўз плюшч.

5. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Апаўзаць, асыпацца.

Грунт паўзе.

6. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Пра паўвадкую масу: цячы, выцякаць адкуль-н. (разм.).

Цеста паўзе з дзяжы.

7. (1 і 2 ас. не ўжыв.), перан. Распаўсюджвацца, перадавацца (разм.).

Чуткі паўзлі ва ўсе бакі.

паўзыхо́дзіць, 1 і 2 ас. адз. не ўжыв., -дзіць; -дзім, -дзіце, -дзяць; зак.

Узысці — пра ўсіх, многіх або пра ўсё, многае.