Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (пад рэд. І. Л. Капылова, 2022, актуальны правапіс)

ПрадмоваСкарачэнні

партакра́т, -а, Ма́це, мн. -ы, -аў, м.

Прадстаўнік партакратыі.

партакра́тыя, -і, ж., зб.

Кіруючая партыйная вярхушка.

|| прым. партакраты́чны, -ая, -ае.

парта́л, -а, мн. -ы, -аў, м.

1. Галоўны ўваход вялікага будынка, архітэктурна аформлены.

2. Канструкцыя ў выглядзе рамы, якая перасоўваецца (па рэйках) або з’яўляецца часткай вялікіх машын, станкоў (спец.).

|| прым. парта́льны, -ая, -ае.

П. кран.

партаты́ўны, -ая, -ае.

Зручны для нашэння пры сабе, для пераноскі.

П. радыёпрыёмнік.

|| наз. партаты́ўнасць, -і, ж.

парта́ч, -а́, мн. -ы́, -о́ў, м. (разм., пагард.).

Чалавек, які нядбала, няўмела выконвае сваю работу.

парта́чыць, -чу, -чыш, -чыць; незак. (разм.).

Дрэнна, няўмела або неахайна рабіць што-н.; псаваць.

|| зак. напарта́чыць, -чу, -чыш, -чыць і спарта́чыць, -чу, -чыш, -чыць; -чаны.

партве́йн, -у, м.

Гатунак моцнага вінаграднага віна.

партмане́т, -а, Ме́це, мн. -ы, -аў, м.

Невялікі кашалёк.

партнёр, -а, мн. -ы, -аў, м.

1. Удзельнік гульні з кім-н. (на сцэне, у карты, у спорце і г.д.), а таксама наогул удзельнік якой-н. сумеснай дзейнасці.

Партнёры згадзіліся на нічыю.

П. па домаўладанні.

2. Краіна — удзельнік якога-н. саюза, блока, пагаднення.

Дзяржавы — гандлёвыя партнёры.

|| ж. партнёрка, -і, ДМ -рцы, мн. -і, -рак (да 1 знач.; разм.).

|| прым. партнёрскі, -ая, -ае (да 2 знач.).

парто́вы гл. порт¹.