падкра́сціся, -ра́дуся, -ра́дзешся, -ра́дзецца; -ра́дземся, -ра́дзецеся, -ра́дуцца; -ра́ўся, -ра́лася; зак.
Падысці крадком, непрыметна.
Кот падкраўся да вераб’я.
Падкралася восень (перан.).
|| незак. падкрада́цца, -а́юся, -а́ешся, -а́ецца і падкра́двацца, -аюся, -аешся, -аецца.
падкрэ́сліць, -лю, -ліш, -ліць; -лены; зак., што.
1. Правесці рыску пад чым-н.
П. галосныя ў словах.
2. перан. Асабліва выдзеліць, звяртаючы ўвагу на што-н.
П. сваю думку.
П. адмоўныя рысы героя.
|| незак. падкрэ́сліваць, -аю, -аеш, -ае; наз. падкрэ́сліванне, -я, н.
падкузьмі́ць, -млю́, -мі́ш, -мі́ць; -мі́м, -міце́, -мя́ць; зак., каго (што) (разм.).
Паставіць у няёмкае, цяжкае становішча, падвесці.
Яго падкузьміла нявопытнасць.
падкупі́ць, -куплю́, -ку́піш, -ку́піць; -ку́плены; зак.
1. каго (што). Схіліць на свой бок грашамі, падарункамі.
П. сведак.
2. перан., каго (што). Выклікаць чым-н. сімпатыю да сябе.
П. усіх сваёй шчырасцю.
3. што і чаго. Купіць дадаткова ў невялікай колькасці.
П. прыпраў для кансервавання.
|| незак. падкупля́ць, -я́ю, -я́еш, -я́е.
|| наз. по́дкуп, -у, м. (да 1 знач.).
падку́рчыць, -чу, -чыш, -чыць; -чаны; зак., што.
Сагнуўшы, падабраць пад сябе.
П. ногі.
|| незак. падку́рчваць, -аю, -аеш, -ае.
|| звар. падку́рчыцца, -чуся, -чышся, -чыцца; незак. падку́рчвацца, -аюся, -аешся, -аецца.
па́дла, -ы, ж.
1. Труп жывёліны.
2. Пра каго-, што-н. вельмі дрэннае, а таксама як лаянка, грубы зварот (разм., зневаж.).
Перабраў п. меру, а цяпер дрыхне.
падлабу́ніцца, -нюся, -нішся, -ніцца; зак., да каго (разм.).
Падлашчыцца, падлізацца.
Ён умее п. да каго хочаш.
|| незак. падлабу́ньвацца, -аюся, -аешся, -аецца.
падлаві́ць, -лаўлю́, -ло́віш, -ло́віць; -ло́ўлены; зак.
1. каго-што. Падпільнаваўшы, злавіць або знянацку застаць.
П. спадарожную машыну.
П. каго-н. на месцы злачынства.
2. перан., каго (што) на чым. Раптоўна спыніць увагу на чым-н. (сказаным, зробленым).
П. каго-н. на слове.
|| незак. падло́ўліваць, -аю, -аеш, -ае.
падла́дзіцца, -ла́джуся, -ла́дзішся, -ла́дзіцца; зак., пад каго-што, да каго-чаго.
1. Прызвычаіцца, прыстасавацца.
П. пад чые-н. крокі.
П. да працы напарніка.
2. перан. Прынараўліваючыся да чыіх-н. звычак, густаў, выклікаць сімпатыю да сябе.
П. да начальніка.
|| незак. падла́джвацца, -аюся, -аешся, -аецца.
падла́дзіць, -ла́джу, -ла́дзіш, -ла́дзіць; -ла́джаны; зак., што.
1. Падагнаць адно да другога.
П. вось да калёс.
2. Падрамантаваць.
П. боты.
3. Настроіць музычны інструмент на пэўны лад.
П. балалайку.
|| незак. падла́джваць, -аю, -аеш, -ае.