Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (пад рэд. І. Л. Капылова, 2022, актуальны правапіс)

ПрадмоваСкарачэнні

паро́жысты, -ая, -ае.

Які мае многа парогаў (у 3 знач.).

Парожыстае дно.

|| наз. паро́жыстасць, -і, ж.

паро́к, -у, м.

У выразе: парок сэрца — паталагічныя змены анатамічнай структуры сэрца і часткі сасудаў, якія парушаюць яго функцыянаванне.

паро́ль, -я, мн. -і, -яў, м.

Сакрэтнае ўмоўнае слова (або словы, фраза) для апазнання сваіх на вайсковай службе, а таксама ў канспіратыўных арганізацыях.

паро́м, -а, мн. -ы, -аў, м.

1. Пласкадоннае судна або плыт для пераправы цераз раку, возера і пад. людзей, павозак, грузаў.

Рачны п.

2. Велікагрузнае судна для перавозкі пасажыраў, грузаў, транспартных сродкаў.

Марскі п.

Ехаць паромам з Даніі ў Швецыю.

|| прым. паро́мны, -ая, -ае.

паро́мшчык, -а, мн. -і, -аў, м.

Перавозчык на пароме.

|| ж. паро́мшчыца, -ы, мн. -ы, -чыц.

паро́слы, -ая, -ае.

Які зарос чым-н., пакрыты якой-н. расліннасцю.

Лагчына, парослая хмызняком.

паро́сная, м. і н. не ўжыв.

Цяжарная (пра свінню).

|| наз. паро́снасць, -і, ж.

паро́тна, прысл.

Па ротах, адна рота за другой.

Строіцца п.

паро́ўну, прысл.

Роўнымі часткамі.

Падзяліць п.

паро́цца¹, пару́ся, по́рашся, по́рацца; пары́ся; незак.

1. Калоць, пароць адзін аднаго чым-н. вострым.

2. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Тое, што і бадацца (разм.).

Каровы поруцца.

3. Тое, што і капацца (у 1 і 2 знач.).

Вы нешта доўга порацеся ў сшытках.