Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (пад рэд. І. Л. Капылова, 2022, актуальны правапіс)

ПрадмоваСкарачэнні

гара́нт, -а, М -нце, мн. -ы, -аў, м.

Фізічная або юрыдычная асоба, а таксама дзяржава, якая дае гарантыю ў чым-н.

гарантава́ць, -ту́ю, -ту́еш, -ту́е; -ту́й; -тава́ны; зак. і незак., што.

Даць (даваць) гарантыю ў чым-н.

Г. добрую якасць вырабаў.

Г. права на працу.

гара́нтыя, -і, мн. -і, -тый, ж.

Парука, запэўненне ў чым-н.

Тэлевізар з гарантыяй.

Г. якасці.

|| прым. гаранты́йны, -ая, -ае.

Гарантыйная майстэрня.

гарапа́шнік, -а, мн. -і, -аў (разм.).

Бедны, гаротны чалавек.

|| ж. гарапа́шніца, -ы, мн. -ы, -ніц.

|| прым. гарапа́шніцкі, -ая, -ае.

гарапа́шны, -ая, -ае (разм.).

Бедны, гаротны.

Гарапашная доля.

гараско́п, -а, мн. -ы, -аў, м.

У астралогіі: табліца размяшчэння зорак, якая служыць для прадказання чыйго-н. лёсу, а таксама само такое прадказанне.

гарача...

Першая састаўная частка складаных слоў са знач. гарачы (у 1 знач.), напр.: гарачатрываласць, гарачаўстойлівы.

гарачатрыва́лы, -ая, -ае.

Які захоўвае свае якасці пры высокай тэмпературы.

Гарачатрывалае шкло.

|| ж. гарачатрыва́ласць, -і, ж.

гара́чка, -і, ДМ -чцы, ж. (разм.).

1. Ліхаманка.

2. перан. Моцнае ўзбуджэнне, азарт, захапленне або спешка ў якой-н. рабоце.

Біржавая г.

|| прым. гара́чкавы, -ая, -ае.

гарачкапаніжа́льны, -ая, -ае.

Які зніжае павышаную тэмпературу цела.

Г. сродак.

Хвораму далі гарачкапаніжальнае (наз.).