па́мятлівы, -ая, -ае.
Які мае добрую памяць.
|| наз. па́мятлівасць, -і, ж.
па́мятны, -ая, -ае.
1. Які захаваўся ў памяці; незабыўны.
Памятная падзея.
2. Які служыць для заметак, даведак, для захавання чаго-н. у памяці.
Памятная кніжка.
3. Які служыць для напаміну пра каго-, што-н., які зроблены як памяць пра што-н.
П. падарунак.
П. медаль.
памя́ты, -ая, -ае.
1. Няроўны, нягладкі, са складкамі.
П. касцюм.
2. Стомлены, нясвежы, нібы заспаны (разм.).
П. твар.
|| наз. памя́тасць, -і, ж.
памя́цца, -мну́ся, -мне́шся, -мне́цца; -мнёмся, -мняце́ся, -мну́цца; -мні́ся; зак. (разм.).
1. гл. мяцца¹.
2. Памарудзіць, праяўляючы нерашучасць, ваганне ў вырашэнні чаго-н.
Крыху памяўшыся, згадзіўся.
па́мяць, -і, ж.
1. Здольнасць захоўваць і аднаўляць у свядомасці ранейшыя ўражанні, вопыт, а таксама сам запас уражанняў, якія захоўваюцца ў свядомасці.
Добрая п.
Урэзацца ў п.
Вылецець з памяці (забыцца). Гаварыць на п. або па памяці (не гледзячы ў тэкст). Выкінуць з памяці (забыць). Дацца ў п. (запомніцца). Падарыць што-н. каму-н. на п. (каб помніў). Не ў п. (пра тое, што не помніцца). На памяці чыёй або пры памяці чыёй ці за чыю п. (у перыяд жыцця каго-н., калі ён сам быў сведкам чаго-н.). Дайсці да памяці (апрытомнець). Прыйсці на п. (успомніцца). Кароткая п. у каго-н. (хутка забывае; звычайна пра таго, хто не хоча помніць, успамінаць што-н.). Курыная п. (вельмі дрэнная; разм., жарт.). П. машыны (перан.: пра запамінальнае ўстройства вылічальнай машыны).
2. Успамін пра каго-, што-н.
Ён пакінуў у нас добрую п. пра сябе.
Захоўваць п. пра якую-н. падзею.
3. Тое, што звязана з памерлым (успаміны пра яго, пачуцці да яго і пад.).
Прысвяціць манаграфію памяці свайго настаўніка.
Ушанаваць п. нябожчыка ўставаннем.
Вечная п. каму-н. (пажаданне, каб доўга, вечна помнілі каго-н. памерлага).
◊
Без памяці —
1) без прытомнасці.
Хворы быў без памяці;
2) вельмі моцна (разм.).
Бегчы без памяці;
3) ад каго-чаго. У захапленні (разм.).
Ён без памяці ад дзяўчыны.
памя́ць, -мну́, -мне́ш, -мне́; -мнём, -мняце́, -мну́ць; -мні́; -мя́ты; зак., што.
Зрабіць мятым, змяць.
П. касцюм.
памяча́ць, -а́ю, -а́еш, -а́е; незак., што.
Ставіць паметкі на чым-н.
П. старонкі рукапісу.
памяшка́нне, -я, мн. -і, -яў, н.
Унутранасць будынка, месца, дзе хто-, што-н. размяшчаецца.
Жылое п.
Добра абсталяванае п.
пан, -а, мн. -ы́, -о́ў, м.
1. У старой Чэхіі, Польшчы, Літве, дарэвалюцыйнай Беларусі і Украіне: заможны феадал, буйны землеўласнік (памешчык, дваранін і пад.), а таксама зварот да яго.
Жыць як пан або панам (перан.: жыць у багацці і раскошы; разм.).
2. Пра чалавека, які ўхіляецца ад працы сам і мае моду перакладваць работу на іншых (разм.).
Сядзець як пан або панам (перан.: гультаяваць, нічога не рабіць; разм.).
3. Форма ветлівага звароту да мужчын у Польшчы, Чэхіі і інш. краінах (дадаецца да прозвішча, імя, службовага тытула і пад.).
Паважаныя дамы і паны!
|| ж. па́ні, нескл.
|| прым. па́нскі, -ая, -ае.
П. двор.
Панскія замашкі.