Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (пад рэд. І. Л. Капылова, 2022, актуальны правапіс)

ПрадмоваСкарачэнні

га́лы, -аў, адз. гал, -а, м.

1. Рымская назва старажытных кельцкіх плямён, якія насялялі тэрыторыю сучаснай Францыі і Бельгіі.

2. Французы (уст., паэт.).

|| прым. га́льскі, -ая, -ае.

галыцьба́, -ы́, ж., зб. (разм.).

Бедната, бедныя людзі.

галы́ш, -а́, мн. -ы́, -о́ў, м.

1. Голае дзіця, голы чалавек.

2. Невялікі круглы гладкі камень.

гальвана...

Першая састаўная частка складаных слоў са знач. гальванічны, напр.: гальванаакустыка, гальванамагнітны, гальванапластыка, гальванастэгія.

гальванізава́ць, -зу́ю, -зу́еш, -зу́е; -зу́й; -зава́ны; зак. і незак., каго-што.

Падвергнуць (падвяргаць) гальванізацыі.

гальваніза́цыя, -і, ж.

Прымяненне пастаяннага электрычнага току для лекавых мэт або для пакрыцця слоем металу якіх-н. прадметаў.

|| прым. гальванізацы́йны, -ая, -ае.

гальвані́чны, -ая, -ае.

Які выкліканы, атрыманы шляхам хімічных рэакцый: пра элекгрычны ток.

Гальванічныя элементы.

га́лька, -і, ДМ -льцы, ж., таксама зб.

Дробныя адшліфаваныя вадой каменьчыкі.

|| прым. га́лечны, -ая, -ае.

га́льштук, -а, мн. -і, -аў, м.

Стужка, палоска тканіны, якая завязваецца вузлом ці бантам пад каўняром сарочкі, блузы.

Завязаць г.

Залажыць за гальштук (разм., жарт.) — выпіць спіртнога.

|| прым. га́льштучны, -ая, -ае.

галюцына́цыя, -і, мн. -і, -цый, ж.

З’ява падману зроку, слыху, дотыку і пад. ў выніку псіхічнага расстройства.

|| прым. галюцынато́рны, -ая, -ае.