Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (пад рэд. І. Л. Капылова, 2022, актуальны правапіс)

ПрадмоваСкарачэнні

пака́зваць, -аю, -еш, -ае; незак.; гл. паказаць.

Вачэй не паказваць куды (разм.) — не з’яўляцца дзе-н., у каго-н., не бываць.

Пальцам паказваць (тыкаць) на каго-што (разм.) — указваць на каго-н., хто праявіў сябе з адмоўнага боку; звяртаць увагу на што-н.

паказны́, -а́я, -о́е.

1. Які паказваецца як узор.

Паказныя тавары.

Паказная стральба.

2. Разлічаны на знешняе ўражанне, прытворны.

Паказная сціпласць.

паказу́ха, -і, ДМу́се, ж. (разм.).

Выгляд усяго добрага, паспяховай дзейнасці; дзеянні, разлічаныя на знешні эфект, на тое, каб зрабіць добрае ўражанне на каго-н.

Устроілі паказуху перад начальствам.

|| прым. паказу́шны, -ая, -ае.

пака́зчык, -а, мн. -і, -аў, м.

1. У матэматыцы: паказчык ступені — лічбавае або літарнае абазначэнне, якое паказвае ступень, у якую ўзводзіцца дадзены лік або выраз.

2. Тое, па чым можна меркаваць пра развіццё і ход чаго-н.

Паказчыкі высокай культуры і адукаванасці.

паказыта́ць гл. казытаць.

пакаламу́ціцца гл. каламуціцца.

пакаламу́ціць гл. каламуціць.

пакале́нне, -я, мн. -і, -яў, н.

1. Сваякі адной ступені роднасці ў адносінах да агульнага продка.

З пакалення ў п. перадаецца што-н. (у спадчыну дзецям ад бацькі, малодшым ад старэйшых).

2. Людзі блізкага ўзросту, якія жывуць у адзін час.

Сучаснае маладое п.

3. Група людзей, блізкіх па ўзросце, аб’яднаных агульнай дзейнасцю.

П. музыкантаў.

пакале́чыцца гл. калечыць.

пакале́чыць гл. калечыць.