Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (пад рэд. І. Л. Капылова, 2022, актуальны правапіс)

ПрадмоваСкарачэнні

баяні́ст, -а, М -сце, мн. -ы, -аў, м.

Музыкант, які іграе на баяне².

Трыа баяністаў.

|| ж. баяні́стка, -і, ДМ -тцы, мн. -і, -так.

бая́рства, -а, н.

1. Сан, званне баярына.

2. зб. Баяры, баярскае саслоўе.

бая́рын, -а, мн. бая́ры, бая́р, м.

У Кіеўскай Русі і Маскоўскай дзяржаве: буйны землеўладальнік, які належаў да вярхоў пануючага класа.

|| прым. бая́рскі, -ая, -ае.

Б. быт.

бая́рыня, -і, мн. -і, -рынь, ж.

Жонка баярына.

бая́рышніца, -ы, мн. -ы, -ніц, ж.

Матылёк сямейства бялянак з чорнымі жылкамі і крапінкамі на белых крылах.

бая́цца, баю́ся, баі́шся, баі́цца; баі́мся, баіце́ся, бая́цца; бо́йся; незак.

1. Адчуваць страх.

Б. ваўкоў — быць без грыбкоў (прыказка.).

2. чаго. Не пераносіць чаго-н., адмоўна рэагаваць на што-н.

Расліны б. марозу.

3. (з адмоўем) у знач. пабочн. сл. Будзь упэўнены.

Не бойся, я вярнуся жывы.